Хто гуляе на нервах беларусаў палескім сепаратызмам?


З’яўленне на фоне падзеяў у Каталоніі інфармацыі пра падрыхтоўку ў Беларусі сепаратысцкага Палескага кангрэсу канцэптуальна адрозніваецца ад віртуальнага праекту «Вейшнорыя», мяркуе аналітык-міжнароднік, кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Вейшнорыя, на яго думку, увасабляе мару пра ідэальную Беларусь, і прыхільнікамі яе сталі грамадзяне з розных куткоў краіны, а ўкід аб правядзенні ў лютым 2018-га Палескага кангрэсу – адмежаванне рэальнага рэгіёну.

Інтэрнэт-забава ці пагроза?

«Гэта гульня на нервах беларусаў ды прамацванне сітуацыі», – кажа Красулін. – «Негатыўная рэакцыя, адмоўны піяр – таксама піяр».

«Такое трэба гасіць у медыйнай сферы, у Сеціве, каб не выходзіла на шырокую публіку і не рабілася часткай успрыняцця свету гэтай публікай. Бо далей могуць быць спробы, матэрыялізаваць, ажыццявіць аддзяленне Палесся».

Падрабязней пра палескіх сепаратыстаў, пра тое, за маральным або матэрыяльным падтрыманнем прыязджаў да кіраўніка Беларусі сябра-дыктатар з Венесуэлы, ці сапраўды настаўнікі, якіх мы віншавалі з прафесійным святам, ёсць апірышчам рэжыму Лукашэнкі, чаму зноў актуалізаваўся анекдот пра перабіранне бульбы па тэлефоне, а таксама пра жалобу беларусаў па стваральніку «Плэйбоя» – у поўным выданні перадачы «Размова дня».