Хор «Салютарыс» прадставіў «Соль зямлі»


Камерны хор «Салютарыс» спявае паўсюль, нават у басейне – такім незвычайным ролікам калектыў запрашаў на прэзентацыю свайго новага альбому. І, хоць адбылася яна не ў басейне, а ў Нацыянальным цэнтры прыгажосці, гэта было чароўнае плаванне ў хвалях мелодыяў і галасоў. У альбом «Соль зямлі» ўвайшлі беларускія народныя песні ў сучасных апрацоўках маладых кампазітараў.

Ім давалася поўная свабода, таму на дыску побач з традыцыйнымі «Ой, рана на Івана», «Гуканнем вясны» або «Шэрай перапёлачкай», якую любіў Рыгор Барадулін, з’явіліся і колькі аўтарскіх кампазіцыяў, нават афрыканскія рытмы. Кожную песню пластычна аздабляў тэатр «Альтана». Грант на стварэнне альбому хор «Салютарыс» летась выйграў у конкурсе сацыяльных праектаў «Soсial weekend».

«Прынята народную песню апрацоўваць для хору досыць традыцыйна. Але тыя песні, якія прэзентаваныя ў гэтым альбоме, апрацаваныя асабліва – з нейкім чараўніцтвам, містыкаю, абрадамі старажытнымі перагукаюцца», – распавядае мастацкая кіраўніца хору Вольга Янум.

Вольга Янум – заснавальніца і душа хору, у якім ужо больш за 30 спевакоў, і кожны – асоба. Гэта сапраўдная сям’я, ува ўсіх сэнсах, бо некаторыя харысты ўзялі шлюб і нарадзілі дзяцей. Хору «Салютарыс» сёлета споўнілася 10 гадоў. Асабліва ўражвае, што такія складаныя і чароўныя песні спяваюць людзі розных прафесіяў, часта без музычнай адукацыі. За гэты час калектыў меў безліч выступаў на фестывалях, аб’ездзіўшы каля 20 краінаў. Каб, як кажа менеджарка хору Юлія Шэдзько, папулярызаваць беларускую музыку.

«Музыка, якую мы вывозім за мяжу, паказвае Беларусь у самым пазітыўным сэнсе, таму што пасля ноты разыходзяцца па іншых хорах, па іншых краінах і беларускія песні спяваюцца не толькі на нашым кантыненце, а таксама ў Амерыцы, напрыклад».

Безумоўна, выступы «Салютарысу» трэба бачыць на свае вочы. Але і ў запісе на кружэлцы песні маюць сваю атмасфернасць і здольныя закалыхаць або разняволіць пасля тлумнага дня.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

«Пешаходка» распачалася і пашырылася да «падземкі».

Вусная гісторыя ад гарадзенцаў – пад адною вокладкай.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык belsat.eu