Хлопец з Маларыты сабраў беларускія арнаменты ў адной кнізе


Антон Талашка ўжо некалькі гадоў займаецца машыннай вышыўкай. З часам ён зацікавіўся сімволікай арнаменту. Інфармацыю, што знайшоў, Антон аформіў у кнігу «Узоры роднага краю».

Нарадзінец Маларыты Антон Талашка можа распавядаць пра арнамент гадзінамі: ужо некалькі гадоў ён займаецца машыннаю вышыўкай для ўласнага брэнду «Мой родны кут». Усе свае веды, датычныя беларускага арнаменту, Антон улучыў у кнігу «Узоры роднага краю».

«У нас ёсць вялікая і разнастайная арнаментальная спадчына, мы гэта сваёй працай і паказваем. Сэнс гэтай кнігі – паказаць, што шмат чаго ёсць, чаго ніхто яшчэ не бачыў. Кожны арнамент шукалі па вёсках, па музеях», – адзначае Антон Талашка.

Арнаменты Антон пачаў збіраць для вышыўкі на кашульках. У пошуках узораў ён ездзіў па вёсках ды завітваў у музеі і дамы творчасці. Як вынік: з кнігі можна даведацца аб арнаментах з розных куткоў Беларусі, аднак не дзіва, што найбольшую ўвагу аўтар прысвяціў сваёй малой радзіме.

Кніга выйшла невялікім накладам усяго 200 асобнікаў, прычым некаторыя з іх ужо скіраваліся ў Злучаныя Штаты, Канаду ды іншыя замежныя краіны.

«На жаль у нашых кнігарнях трапляюцца выдавецкія праекты, якія больш аўтэнтычныя, але складаныя для ўспрыняцця. Калі я пазнаёміўся з спадаром Талашкам, я пабачыў, што ў ягоных працах шмат аўтэнтычнага, якое адначасова і сучаснае», – кажа рэдактар кнігі Алесь Мазанік.

Выданне ажыццявілі пры дапамозе краўдфандынгавай пляцоўкі «Талака.бай».

Марына Вашкевіч, Аляксандра Дорская belsat.eu