Рапарт Эдуарда Мельнікава «Хадзіць у абносках з сэканд-хэнду ды харчавацца так-сяк». Як выжываюць на беларускі заробак


Спадар Віктар 14 гадоў аддаў працы на магілёўскім заводзе. Пасля здарылася скарачэнне. Мужчына не апусціў рукі – пайшоў вучыцца на новую прафесію, стаў будаўніком. Але дзяржава не дала яму другога шанца.

Нягледзячы на афіцыйную статыстыку па заробкам і дзяржаўныя заклікі «усім па пяцьсот» у рэчаіснасці атрымліваецца, што малады, ня хворы, без сям’і мужчына, які не пʼе і не лянуецца працаваць – ледзь-ледзь зарабляе сабе на жыццё.

Знайсці сталую працу сёння няпроста. Калі яна і ёсць, заробак сплочваюць мізэрны. «300-340 рублёў быў… Цяпер ужо ўпаў да 280. Можна хадзіць толькі ў сэканд-хэнд купляць абноскі ды харчавацца так-сяк», – гаворыць спадар Віктар.

«Калі тут пойдзе такі ж варыянт, як ва Украіне, то тут людзі будуць проста адстрэльваць адзін аднаго з вялікім задавальненнем. Бо нясплаты такія ідуць… Над людзьмі гэтак здзекуюцца… Я не ведаю, на што спадзяецца цяперашняя ўлада», – з адчаем дадае герой сюжэту.

Паводле шмат якіх сацыялагічных даследаванняў, найбольш вострыя праблемы, што турбуюць цяпер беларусаў, – гэта пошукі працы ды высокія кошты на ўсё. Як такое можа быць: на біржах працы безліч прапановаў, а працы знайсці немагчыма? Беспрацоўе – неабходны складнік здаровай эканомікі, але ў якім памеры, якой структуры? Як можна развязаць праблемы прафесійнае пераарыентацыі? Чаму сацыяльная пасіўнасць заганяе беларусаў у гета працоўнай эміграцыі ці ўвогуле прымушае зрабіцца маргіналам? Чаму няма звычкі адстойваць свае правы? Глядзіце ў праграме «Рапарт».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары