Губарэвіч: Улады не хочуць адмаўляцца ад камуністычнай спадчыны


«Яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!» – гэткія словы вышывалі на бела-чырвона-белых палотнішчах жанчыны паўсталай супраць бальшавікоў Случчыны. Памяць пра герояў, якія ў далёкім 1920-м годзе ішлі ў няроўны бой да на верную смерць дзеля незалежнай Беларусі, жыве і сёння. Традыцыйныя акцыі ўшанавання паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну сёлета адбудуцца на гэтых выходных.

Чаму ўлады дазваляюць святкаваць гадавіну Слуцкага збройнага чыну, але вызначаюць для мерапрыемства не самае лепшае месца?

У «Гарачым каментары» – старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Улады не хочуць адмаўляцца ад камуністычнай, бальшавіцкай спадчыны. Гэта тычацца не толькі Слуцку, і ў цэнтры Менску ёсць вуліцы Леніна, Камуністычная, Камсамольская. Акурат пытанне перайменавання Камсамольскай вуліцы ў вуліцу Герояў Слуцкага паўстання – тое, што было падтрымана сотнямі жыхароў Слуцку, таксама падобную петыцыю падпісала вельмі шмат людзей з усёй Беларусі. Аднак на грамадскіх слуханнях панавала іншая атмасфера. Перадусім там прысутнічалі ідэолагі, якія ўжо пэўным чынам настроілі жыхароў гэтай вуліцы, што яны панясуць матэрыяльныя цяжкасці, звязаныя з перайменаваннямі, гэта накладзецца на іх бюджэт. Таму людзі былі супраць. Я думаю, што, хіба, толькі асветніцкай працай можна змяніць стаўленне да падзеяў гістарычнага мінулага Беларусі», – адзначыў Юрась Губарэвіч.