Грошы ці нафта? Навошта Лукашэнка паехаў у Азербайджан?


Выніковы матэрыял Абʼектыву

Кіраўнік Беларусі паехаў з афіцыйным візітам у Азербайджан. У праграме паездкі – перамовы з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым у фармаце «адзін на адзін», а таксама ў пашыраным складзе.

Паводле афіцыйнай версіі, на сустрэчы будуць абмеркаваныя цяперашні стан і перспектывы двухбаковых адносінаў, гандлёва-эканамічная супраца, праца па кааперацыйных праектах, узаемадзеянне ў галіне інвестыцыяў, аграпрамысловы комплекс і нават спорт.

«Калі ў вас ёсць цікавасць на рынку ў Еўропы, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовыя да доўгай перспектывы супрацы з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці», – заявіў 28 лістапада Аляксандр Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з лідарам Азербайджану Лукашэнка падзякаваў за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. тон нафты.

«Вы ня першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане прасоўвацца настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджану», – падкрэсліў Лукашэнка.

У Баку кіраўнік Беларусі заявіў, што партнёрства ў нафтавай сферы – гэта не галоўнае ў адносінах і перамовах паміж Беларуссю і Азербайджанам.

«Лукашэнка прапанаваў перапрацоўваць гэтак званую давальніцкую нафту. Пра гэта раней не гаварылася. Для Лукашэнкі важна ўрэгуляваць пытанне таннейшай нафты і пошук якой-кольвек альтэрнатывы, але не варта звужаць гэты візіт выключна да нафты», – адзначыў у эфіры праграмы «Гарачы каментар» палітолаг Алесь Лагвінец.

Эксперт не выключае, што Аляксандр Лукашэнка паехаў у Азербайджан, каб узяць кароткатэрміновы крэдыт.

Сёлета Расея паставіць Беларусі на 25 % менш нафты, чым абяцала. Эксперты прагназуюць, што гэта прывядзе да ўзмацнення эканамічнага крызісу ў Беларусі.

ЮВ, belsat.eu