Людскія справы Грошы інвалідаў забіраюць чыноўнікі?


Фота на перадпраглядзе: Viktor Drachev/TASS/forum

Праграму мы рыхтавалі з траўня: хацелі зрабіць рэпартаж з урачыстага адкрыцця ўнікальнай экасцяжыны ў Валожынскiм раёне для iнвалiдаў-вазочнікаў. А атрымалася, што праінспектавалі працу арганізацыяў, якія мусяць апекавацца інвалідамі, ды знайшлі цікавыя моманты ў рэалізацыі іх праектаў.

Праект «Валожын без бар’ераў» накіраваны на стварэнне дасяжнага для людзей з інваліднасцю асяроддзя ў Валожынскім раёне. Менавіта на гэта Еўразвяз выдзеліў грант на 1 млн еўраў. Рэалізуюць праект Валожынскі райвыканкам, фонд «Інтэракцыя», Беларускае таварыства інвалідаў, грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы».

Паводле праекту, у Налібоцкай пушчы мусіць з’явіцца экасцяжына для людзей з інваліднасцю, у самім Валожыне – гостэл і турыстычны інфармацыйны цэнтр. Апроч гэтага, у Валожынскім раёне мусяць зрабіць дасяжнымі да 30 грамадскіх аб’ектаў. 20 з іх да канца гэтага года.

«Ну зараз там перарабляюць, – распавядае па тэлефоне наш суразмоўца, прадстаўнік мясцовай супольнасці інвалідаў-вазочнікаў. – Там нязручнасці былі ў тым, што вазочніку немагчыма было ехаць па гэтай сцяжыне, няправільна былі зроблены пандусы. Лаўкі пабудавалі без спінак – як, напрыклад, інваліду з ДЦП сесці на гэтую лаўку?»

Менеджарка праектаў фонду «Інтэракцыя» Ірына Іванова кажа, што экасцяжына – праект цалкам новы для Беларусі, які, да таго ж, рэалізуецца ў заказніку, дзе нельга ўжываць звыклыя матэрыялы і тэхналогіі – таму ў падрадчыка і будаўнікоў часцяком проста не хапае кампетэнцыяў.

У той жа час у Менску

Да нас трапіў дакумент унутранай справаздачнасці Беларускага таварыства інвалідаў (БелТІ), згодна з якім на першым паверсе аднаго з жылых дамоў на вуліцы Нёманскай мусіў з’явіцца рэабілітацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю. Аднак на першым паверсе дому – гандлёвыя плошчы ды салоны.

«Нашыя інваліды маглі б тут лячыцца, дзеці з ДЦП, іншыя дзеці, быў ужо праект рэабілітацыйнага цэнтру», – абураецца старшыня Менскай гарадской арганізацыі хворых на рассеяны склероз «Геном надзея» Аляксей Карчэўскі.

Старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка кажа, што гэта інвестар вырашыў аддаць БелТІ памяшканні не на першым, а на другім паверсе будынку – а БелТІ было вымушанае пагадзіцца. Медычнай жа рэабілітацыяй БелТІ наагул ніколі не займалася, гаворка ішла пра рэабілітацыю творчую. На другім паверсе ў «Інвацэнтры» цяпер – выстава карцінаў.

Выстава ў рэабілітацыйным цэнтры па вул. Нёманскай у Менску. Фота belsat.eu

Былая галоўная бухгалтарка БелТІ распавяла нам пра шматлікія фінансавыя парушэнні ў арганізацыі, з якімі яна не магла пагадзіцца і таму звольнілася.

Усё гэта мы абмяркоўваем у студыі «Людскіх справаў» разам з гасцьмі Ірынай Івановай, менеджаркай праектаў фонду «Інтэракцыя», і Аленай Зуйковай, аналітыкам Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце на ў Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.

Глядзі таксама
Каментары