Грамадскі актывіст: Спачатку інкрымінавалі згвалтаванне, а пасля – няплату падаткаў


Тыя, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі – лайдакі, невукі і нават крымінальнікі. Ужо трэцяе дзесяцігоддзе афіцыйная прапаганда гэтак вымалёўвае партрэт палітычнай апазіцыі ў Беларусі. То бок калі табе нешта не падабаецца ў тым, як жыве нашая краіна і як ёй кіруе Лукашэнка – ты апрыёры ненармальны.

Зрэшты, у гэтым жа рэчышчы нязменна дзейнічаюць і сілавікі, і суддзі ў нашай краіне. Цяпер жа медыйная абслуга ўладаў пашырае абсяг сваіх вымалёўванняў. Напярэдадні БТ паказала ў сваім эфіры матэрыял «Загана на экспарт», у якім распавялі пра беларускіх палітычных актывістаў, якія, з’ехаўшы за заходнюю мяжу, сталіся парушальнікамі еўрапейскіх законаў.

На думку грамадскага актывіста Аляксея Д., аднаго з герояў публікацыі, які апошнія тры гады стала жыве ў Варшаве, калі б ён быў такі, як яго малюе БТ, ён бы сядзеў у турме.

«Калі суддзя пабачыў нашыя довады, ён адхіліў запыт пракуратуры і дазволіў быць на волі і чакаць паперы з Менску», – распавядае Аляксей.

Спачатку актывісту інкрымінавалі згвалтаванне, але пасля гэтае абвінавачванне стала «неактуальным».

«Пазней з Менску прыйшла новая інфармацыя, што я не заплаціў падаткаў. То бок Менск замяніў абвінавачванне. Самі паліцэйскія гаварылі, што Інтэрпол ператварыўся ў дзіцячы садок», – распавядае актывіст.

На думку актывіста дзяржава шукае, дзе ўзяць грошай.

«Цяпер праблемы ў эканоміцы і ў людзей. Трэба знайсці дапамогу, якія крэдыты ўзяць у Еўропе. Еўропа цяпер глядзіць на рэжым праз прызму правоў чалавека і рэжыму патрэбна абгаварыць апазіцыю, што з імі нельга весці перамоваў, што яны гвалтаўнікі і забойцы, забудзьце, што калісьці знікалі палітыкі і бізнесмены. Такую стратэгію выпрацоўваюць», – кажа Аляксей.

Цалкам размову з Аляксеем глядзіце ў «Гарачым каментары»