Як Гомель звязаны з Крыжовымі паходамі?


[/vc_column_text]

Касцюкоўка нядаўна ўвайшла ў склад Гомлю, але прадстаўнікі роду Нолькенаў ужо ў XIX ст. зрабілі для гэтага гораду шмат добрага. Вуліцы ж на новадалучанай тэрыторыі ўлады назвалі ў гонар не вядомых людзей, якія тут жылі, а… яблыняў, якія яны вырошчвалі.

Праўда, спачатку вуліцы думалі назваць у гонар Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Але тут жа спужаліся ўласнай прагрэсіўнасці ды замест беларускіх пісьменнікаў у назвах увекавечылі яблыні ды грушы.

Гомельскі журналіст Дзмітрый Новікаў мяркуе, што для прозвішчаў апосталаў беларускай літаратуры тут і не месца. Яны павінны быць увекавечаны ў цэнтры гораду. А Касцюкоўка мае іншых герояў.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. паселішчам валодалі Нолькены – род нямецкага паходжання.

«Адзін з пачынальнікаў удзельнічаў у крыжовым паходзе на Палестыну. З цягам часу прадстаўнікі роду перасяліліся ў Курляндыю, і ўжо напачатку XVIII ст. яны прасунуліся бліжэй да цэнтральнай Беларусі», – тлумачыць даследчык шляхты Гомельшчыны Вітальд Ханецкі.

Сваю сядзібу Нолькены пабудавалі на пясчаных выспах сярод балотаў. Прыклалі шмат намаганняў, каб акультурыць і навакольныя землі. А Станіслаў Нолькен цягам некалькіх дзясяткаў год быў бурмістрам Гомлю. Рэалізоўваў карысныя для гораду праекты, дбаў пра архітэктуру і справядлівасць: тых, хто ўчыняў габрэйскія пагромы, даводзіў да суду. Напрыканцы ХІХ ст. ягонае імя насіла вуліца ў цэнтры Гомлю.

У Касцюкоўцы дагэтуль захаваліся ліпы, якія атачалі колішнюю сядзібу Нолькенаў. У 1895 годзе, пасля смерці Станіслава, яна перайшла да сына, Эдварда. Ён мадэрнізаваў гаспадарку, стаў заводчыкам пародзістых коней, займаўся садаводствам. Прадукцыя карысталася вялікім попытам.

Дагэтуль у садах жыхароў Касцюкоўкі квітнеюць яблыні ды грушы, саджанцы якіх іхныя продкі набылі ў Нолькенаў. Прадстаўнікі роду пакінулі Беларусь у студзені 1919 года, пакінуўшы ўсю маёмасць. У Беларусі дагэтуль жывуць іх нашчадкі па жаночай лініі.

Як выглядала слынная сядзіба Нолькенаў і на вуліцах чыйго імені хацелі б жыць касцюкоўцы? Глядзіце ў сюжэце, падрыхтаваным праграмаю «Рэпартэр» (відэа вышэй).

ІА, belsat.eu