Гарачы каментар Глеб Лабадзенка: Помнік Касцюшку амаль гатовы


Гатовая таксама і памятная шыльда Васіля Быкава. Тое, як удалося сабраць на яе грошы, вядоўца «Белсату» ацэньвае сцісла: «Калядны цуд».

Вядоўца праграмаў «Мова нанова» і «Кожны з нас» Глеб Лабадзенка ацэньвае гэты год як удалы.

«Мы адкрылі дошку Рыгору Барадаліну, на дошку Васіля Быкава грошы сабраныя, зараз будзем узгадняць, – заяўляе Глеб Лабадзенка. – Хацеў б таксама дадаць, што ўлетку пры дапамозе фірмы «Гранітны свет» былі ўсталяваныя новыя надмагіллі на магілах бацькоў Васіля Быкава, а таксама помнік сястры Васіля Быкава. Людзі хацелі збіраць грошы, але заслаўская фірма зрабіла гэтыя тры помнікі практычна бясплатна».

У кастрычніку наш калега абвесціў збор сродкаў на помнік Касцюшку – ініцыятыва знаходзіцца на фінальнай стадыі: помнік ужо «у мяккім матэрыяле».

«Літаральна сёння я атрымаў самыя свежыя здымкі ад Геніка Лойкі, які цяпер ва Украіне з украінскім калегам дарабляюць макет у поўны рост. Адразу пасля Новага года помнік пойдзе ў адліўку», – кажа вядоўца нашага каналу.

Паводле Лабадзенкі, пастамент (за палову кошту) выклікалася зрабіць тая ж фірма з Заслаўя – «Гранітны свет».

«Я адчуваю спрыянне з усіх бакоў», – дадае Глеб Лабадзенка.

«Вялікая тая нацыя, што шануе сваіх герояў», – падсумоўвае наш калега.

Поўную размову Вольгі Жарнасек з Глебам Лабадзенкам глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары