Гісторыя з грыбком дабралася да адміністрацыі Лукашэнкі


Самы стары дом па вуліцы Ямніцкай у Магілёве – у жудасным стане. У ім няма зліўных трубаў, таму на падмурку пабудовы з’явіўся мох, а ўнутры кватэраў – цвіль.

На сценах вялікія расколіны, якія відаць нават у кватэры. Жыхары спрабавалі пазбавіцца ад цвілі рознымі спосабамі, аднак толькі змарнавалі грошы, бо грыбок разросся наноў. Магілёўцы нават выслалі калектыўны зварот у адміністрацыю кіраўніка краіны, патрабуючы капітальнага рамонту. Аднак адказ яны атрымалі з мясцовага гарвыканкаму, які паабяцаў рамонт, але толькі ў 2020 годзе.

Іншыя тэмы праграмы «Рэпартэр»:

Прытулак для жывёлы ў Дзяржынскім раёне шукае валанцёраў

-Педыятр з Менску, Ірына Траяноўская, адкрыла прытулак для птушак і дзікіх звяроў. Пакуль ейны заапарк прапісаўся на тэрыторыі адной з фермерскіх гаспадарак у Дзяржынскім раёне.

Тут птушак і звяроў выходжваюць і рыхтуюць да вяртання ў дзікую прыроду. Ірына з усім спраўляецца практычна сама, аднак ёй вельмі не стае валанцёраў. Акрамя гэтага, афіцыйна Ірына Траяноўская лічыцца браканьерам, бо афармляць птушак і жывёлу ў яе няма часу. Пакуль будуць збірацца неабходныя дакументы, нашыя меншыя браты, якія трапілі ў бяду, могуць папросту загінуць.

Каб і далей аказваць дапамогу птушкам і дзікім звярам, Ірыне Траяноўскай патрэбна вашая фінансавая дапамога.

Рахунак: картка Беларусбанка 4255 2001 8203 1807 термін дзеяння да 03/18

«Бардаўская восень» – фестываль, зладжаны беларусамі з Польшчы

У Бельску-Падляскім ужо 24-ты раз прайшоў фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень».

Імпрэзу прыдумалі і з самага пачатку ладзяць прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы. У мясцовым доме культуры цягам двух дзён можна паслухаць і пабачыць найлепшых выканаўцаў жанру, а таксама маладых музыкаў, якія спрабуюць свае сілы ў конкурсе. У рэпартажы мы сустрэнемся з зоркамі беларускае сцэны і з тымі, хто можа імі зрабіцца дзякуючы перамозе на фестывалі.