Людскія справы Гісторыя раба з Вілейкі: што кажуць людзі


Жыхара Вілейкі Уладзіміра Малафея абвінавачваюць у выкарыстоўванні рабскай працы. Цягам апошніх двух гадоў ён нібыта прымушаў людзей працаваць на сваім лецішчы. Калі тыя не пагаджаліся, саджаў на ланцуг, збіваў і знішчаў псіхалагічна. Такую гісторыю дзяржаўным СМІ распавёў Ілля Харэўка, які збег ад яго ажно ў Віцебск.

ХХІ стагоддзе, цэнтр Еўропы! Ці ўвогуле магчыма такое? У новым выданні «Людскіх справаў» мы знаёмімся са сведкамі сучаснага рабства і і шукаем яго сляды на Вілейшчыне.

Самога пацярпелага цяпер хаваюць на канспіратыўнай кватэры, каб падчас следства на яго ніхто не ціснуў. Удома яго чакае беспрацоўны бацька Аляксандр. Ён кажа, што Ілля проста ўладкаваўся на працу, але наймальнік пачаў яго ўшчамляць. Не раз бацька быў сведкам таго, як сын хаваўся ў шафе ад Уладзіміра, які прыязджаў забраць хлопца на працу. Часам Ілля прыходзіў дамоў пабіты.

Жонка «рабаўладальніка» Вікторыя, зладзіла нам экскурсію па сваім падворку. Цяпер яна вымушана сама цягнуць бізнес мужа, выхоўваць дваіх дзетак ды яшчэ займацца падворкам. Парсюкоў жанчына прадала, каб аплаціць паслугі адваката.

«Мы давалі Іллі грошы, 10 рублёў на дзень, а часам і больш. Ведаеце, мы спрабавалі і вялікія сумы даваць, як месячны заробак. Але ён усе за дзень прапіваў! Потым вырашылі, што будзем даваць яму разлік штодня, кармілі яго заўсёды», – кажа Вікторыя, шакаваная абвінавачаннямі.

Суседзі па вёсцы выказваюцца пра Уладзіміра станоўча, і не могуць паверыць у тое, што распавядаюць дзяржаўныя СМІ. Кажуць што грошы на выпіўку ў Іллі, а значыць грошы ад Уладзіміра ён атрымліваў.

Ці сапраўды гэты выпадак можна назваць рабствам і як здарылася, што кантрактная сістэма зрабіла беларусаў рабамі – пра ўсё глядзіце ў поўным выданні «Людскіх справаў»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.

Каментары