Каментар Гэта паездка прэстыжу


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей узяў удзел у штогадовай сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу і Усходняга партнёрства. Пра стасункі Беларусі з краінамі Захаду ў «Каментары» разважае сябар рады Руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч.Тацяна Ўласенка: Днямі Еўропа вітала кіраўніка краіны, цяпер да сустрэчы на досыць высокім узроўні рыхтуецца Макей. Ці сведчыць гэта пра пацяпленне стасункаў Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі?Юрась Меляшкевіч: Натуральна, пацяпленне ёсць, гэта факт. Можна казаць, што на вышэйшым узроўні кантакты паступова аднаўляюцца – гэта сведчыць пра тое, што паміж палітычнымі элітамі Еўразвязу дасягнуты пэўны кансэнсус наконт таго, што з Беларуссю варта працаваць – Лукашэнку разглядаюць як партнёра, з якім можна вырашаць як унутраныя беларускія пытанні, так і пытанні рэгіянальнага ўзроўню, што яны часта і заяўляюць падчас палітычных сустрэчаў.Наколькі імаверная сустрэча Макея ў Бруселі можа сведчыць пра тое, што Еўропа цяпер будзе зачыняць вочы на тыя недэмакратычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, і чым гэтая сустрэча небяспечная для беларускай апазіцыі?У Еўразвязе на працягу мноства гадоў фармавалася і працягвае існаваць бачанне Беларусі як аўтарытарнай сістэмы, але Лукашэнка заўжды разглядаўся як кіраўнік гэтай дзяржавы, незалежна ад таго, якім спосабам ён прыйшоў да ўлады. Пасля таго, як Усходнюю Еўропу ахапілі гуманітарны і мілітарны крызіс, Лукашэнка становіцца ўсё больш прымальнаю фігураю для вядзення перамоваў па пытаннях рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі.Можна казаць, што гэта не пагроза, але выклік – у тым ліку, для дэмакратычных сілаў наконт таго, як будуць весціся перамовы і як пытанні звязаныя з фармаваннем палітыкі адносна Беларусі будуць выглядаць на далейшы час.Пра якія планы Рады Еўропы ў дачыненні да дэмакратычнай часткі беларускага грамадства можна цяпер казаць? Ці будуць дапамагаць зараз беларускай апазіцыі?Мяркую, тое падтрыманне, якое мы атрымоўваем з дэмакратычных краінаў на развіццё дэмакратыі ў Беларусі ды на падтрыманне грамадзянскай супольнасці, [застанецца].Ёсць пагроза, што ў межах гэтага падтрымання доступ да гэтых рэсурсаў атрымаюць прадзяржаўныя інстытуцыі, якія будуць умацоўваць аўтарытарныя тэндэнцыі ўнутры краіны і будуць выклікаць адыход ад тых стандартаў, якія прапагандуе Еўразвяз.Якой можа быць рэакцыя Крамля на пацяпленне стасункаў з Захадам? Ці не варта нам чакаць нейкіх падарункаў з таго боку?Крэмль застаецца вельмі важным гульцом, застаецца пытанне, ці Лукашэнка ў сваёй вонкавай палітыцы – самастойны гулец ці закладнік расейскай палітыкі. Ягоныя ваганні ў заходнім кірунку былі непаслядоўныя: мы памятаем пацяпленне, якое ўзнікла ў 2008 годзе, калі ў заходніх палітыкаў зʼявіўся пазітыў і аптымізм наконт дыялогу, калі сваю рэпутацыю ў працэс дыялогу ўклалі такія палітыкі, як Радаслаў Сікорскі ды Гіда Вэстэрвэле.У выніку гэтых перамоваў мы атрымалі 2010-ты год, вельмі балючую прэзідэнцкую кампанію. Натуральна, існуе выклік, наколькі Лукашэнка можа быць паслядоўным у сваёй палітыцы.Наколькі доўга ўлады Беларусі змогуць балансаваць паміж Захадам і Усходам? Наколькі хопіць рэсурсаў на гэта?Палітыка і дыпламатыя – перманентныя працэсы, якія могуць цягнуцца бясконца доўга. Ёсць такое пытанне, як расчараванне. Калі яно наступае ўжо канчаткова, калі расчароўваюцца ў выбары палітычных элітаў, у апазіцыі, якая можа мяняць сітуацыю, то, натуральна, ківач можа спыніцца на ўсходнім вектары – і вось гэта ўжо сурʼёзная пагроза для незалежнасці, для нашага нацыянальнага і дзяржаўнага праекту.Наколькі важная паездка Макея ў Брусель для афіцыйнага Менску?Гэта паездка прэстыжу. Гэта толькі частка таго дыялогу, за якім ідуць палітычныя перамовы. Канешне, персанальны кантакт на такім узроўні падтрымае дыялог. Шмат што залежыць ад той палітычный сітуацыі, якая адбываецца ў Беларусі – што робяць нашыя ўлады тут. Калі яны будуць рабіць рэчы, якія ідуць у разрэз з тым, што яны дэкларуюць на такіх форумах, ніякага эфекту, напрыклад, матэрыяльнага, на які яны могуць спадзявацца, яны не атрымаюць.Размаўляла Тацяна Ўласенка

Каментары