Гэлаўін vs Дзяды


У апошні дзень кастрычніка свет адзначае Гэлаўін. У беларусаў жа існуе свая традыцыя – Дзяды, і шмат для каго з беларусаў вельмі важна адзначаць сваё, не пераймаючы чужога. Толькі як гэтага дасягнуць і ці сапраўды нашай тоеснасці замінае маскарад з духамі ды зомбі?

Дзяды – свята больш прыватнага, сямейнага характару. У гэты час беларусы памінаюць продкаў, наведваюць могілкі ды святочную імшу. Але гарбузы ды маскі таксама штогод зʼяўляюцца на беларускіх вуліцах.

Сёлета ж сустаршыня партыі хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец рэзка выказаўся наконт святкавання Гэлаўіну – на ягоную думку, карнавал абражае памяць продкаў:

«Той, хто насміхаецца над смерцю, той не разумее жыцця. Стаўленне да смерці ў чалавека мусіць быць іншае. А насмешка над смерцю вядзе да цынізму, да абясцэньвання самой ідэі смерці. Навошта тады Крыжы ў Курапатах, ай, гэта значыць не так сурёзна».

Моладзь, у сваю чаргу, не бачыць у Гэлаўіне ні праблемы, ні абразы. Святы не могуць замінаць, лічыць намеснік старшыні арганізацыі «Моладзь БНФ» Аляксей Дарашэнка:

«Можна святкаваць і хрысціянскія святы, і заставацца хрысціянінам, і святкаваць Гэлаўін і заставацца таксама хрысціянінам. Кельты, тыя ж хрысціяне, яны каталікі, але яны святкуюць і свае хрысціянскія святы, той жа дзень Святога Патрыка, і свой Гэлаўін, што таксама іхнае нацыянальнае свята».

Дзяды як абрад адзначалі ўсе славяне, але ў архаічнай форме свята захавалася толькі ў беларусаў. Гэта аргумент на карысць традыцыі. Але застаецца пытанне, як адметнасць зберагчы і ці пагражаюць ёй вонкавыя ўплывы. Пытанне, зрэшты, актуальнае для ўсёй усё больш адкрытай Еўропы.

Іншыя тэмы:

Каго трэба забіць паэту, калі паэт – жанчына.

Заканчваюцца «Урокі музыкі для дарослых». Куды – тым, хто не паспеў?

Горадня і паганства.

Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык