Сальдa Гарэлка ды цыгарэты ў Сеціве. Будзе выбух інтэрнэт-гандлю?


Ахвочых арэндаваць гандлёвыя плошчы няма, уласнікі вымушаны гандляваць самі

Гандлёвых цэнтраў у Беларусі становіцца ўсё болей, а вось кліентаў на ўсіх не хапае. Перанасычанасць на рынку камерцыйнай нерухомасці вымушае забудоўнікаў самастойна займацца рытэйлам ці грамадскім харчаваннем. Раней было дастаткова проста здаць ці прадаць гандлёвыя плошчы. Цяпер жа ўласнікі цэнтраў самі актыўна набываюць франшызы ды выводзяць іх на рынак.ВОЛЬГА ЛЯВОНЦЬЕВА, «БЕЛФРАНЧАЙЗІНГ»: «Франшызы – гэта магчымасць знізіць рызыкі пры запуску бізнесу, а з іншага боку гэта і спроба абʼяднацца, навязаць партнёрства і адпаведна карыстацца эфектамі маштабу, карыстацца дапамогай і падтрыманнем. Таму сапраўды існуюць усе вонкавыя прычыны, каб развіваўся гэты кірунак».Папулярнасць франшызаў у Беларусі стала расце. Дынаміка выхаду новых брэндаў на наш рынак троху запаволілася летась, але сёлета сітуацыя можа змяніцца. Галоўным чынам праз большую актыўнасць дэвелапераў. Каб плошчы не прастойвалі, забудоўнікі гатовыя нават набываць франшызы на не надта выгодных для сябе ўмовах.ВОЛЬГА ЛЯВОНЦЬЕВА, «БЕЛФРАНЧАЙЗІНГ»: «Галоўным чынам набываюцца франшызы, у якіх ёсць перспектывы атрымання прыбыткаў. Таму вылучаюцца і галіны, якія больш запатрабаваныя. Гэта харчаванне з нізкім коштам, гэта паслугі для дзяцей і моладзі. Гэта таксама паслугі для насельніцтва, а таксама бізнес у сферы інтэрнэт, бо ён не патрабуе высокіх інвестыцыяў. Таму гэтая галіна актыўна развіваецца».Актывізацыя рынку франшызаў будзе выгодная і дывелаперам, і кліентам гандлёвых цэнтраў. Паводле адмыслоўцаў гэтай галіны, варта чакаць інтэнсіфікацыі прапановаў франшызаў і ад беларускіх кампаніяў. Ужо цяпер такую палітыку пачынаюць праводзіць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя прадпрыемствы.

У беларускім Сеціве будуць гандляваць гарэлкаю ды цыгарэтамі

Інтэрнэт-шопінг ўсё больш папулярны. Амаль траціну ўсіх электронных пакупак беларусы робяць у замежных інтэрнэт-крамах. Але ўжо з сярэдзіны красавіка, калі пачнуць дзейнічаць абмежаванні на міжнародныя перасылкі, анлайн-гандаль перамесціцца на айчынныя пляцоўкі. Гульцы на гэтым рынку ў чаканні зменаў.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ: «Сеткавыя гульцы, якія зараз займаюцца гіпермаркетамі, актыўна пераходзяць у інтэрнэт. Чакаецца цяпер некаторыя зрухі, якія адбудуцца, гэта продаж алкаголю і тытуню праз інтэрнэт. І гэта выкліча выбух гандлю ў сеціве. Паспрыяе развіццю і забарона на міжнародныя пасылкі».

Праўда, гэты рынак трапляе і пад больш пільны кантроль з боку кантралюючых органаў. Ад пачатку году зʼявіўся шэраг новаўвядзенняў у падатковым заканадаўстве, што да рэгулявання дзейнасці інтэрнэт-крамаў.ЛЮДМІЛА ЧЭКІНА, «НАДЗЕЙНЫЯ ПРАГРАМЫ»: «Уласнікі беларускіх інтэрнэт-крамаў болей не маюць магчымасці прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Гэта ў сваю чаргу для дробнага бізнесу істотная перашкода, бо прымушае наймаць бухгалтараў, весці поўнае кола бухгалтарскага ўліку, адпаведна вырастуць падатковыя стаўкі. І адначасова ўведзеныя абмежаванні на размяшчэнне рэкламаў крамаў на інтэрнэт-рэсурсах».Дзеля таго, каб працаваць уласнікі крамаў мусяць выконваць заканадаўства, а да таго ж адпавядаць чаканням кліентаў. Беларусы прызвычаіліся да шырокага асартыменту і адпаведнага сэрвісу замежных інтэрнэт-гандляроў. Таму менавіта гэтыя моманты і будуць вызначаць канʼюктуру на рынку анлайн-гандлю.АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ: «Будзе адбывацца тое, што адбываецца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Малыя і дробныя крамы будуць паступова знікаць, або абʼядноўвацца паміж сабою. А галоўную ролю будуць адыгрываць сецявыя гульцы».Цяпер у нашай краіне дзейнічаюць каля 11 тысячаў інтэрнэт-крамаў. Але новае заканадаўства і ўмовы працы на рынку прывядуць да істотных зменаў у галіне анлайн-гандлю. Колькасць паступова будзе пераходзіць у якасць. На рынку чакаецца абвастрэнне канкурэнцыі.

Каментары