«Галоўная пасада – унук прэзідэнта. Працую 24 гадзіны». Як гэта – быць дзіцём дыктатара


Здольныя і таленавітыя ў розных сферах, але заўсёды здольныя. Як дзеці дыктатараў Сярэдняй Азіі даюць рады ў жыцці.

Рустаму Рахмону, сыну прэзідэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона, толькі 28 гадоў, а ён ужо мэр сталіцы. Адзін з дзевяці дзяцей таджыкскага кіраўніка працаваў у камітэце інвестыцыяў і дзяржмаёмасці, ува ўзросце 25-ці гадоў узначаліў мытную службу, а праз два гады – антыкарупцыйнае агенцтва Таджыкістану. Акрамя таго, як зацяты футбольны заўзятар Рустам таксама і прэзідэнт Федэрацыі футболу краіны.

Грамадская актывістка з Таджыкістану Шабнам Худайдодава, якую пераследуюць на радзіме за дэмакратычныя погляды, лічыць, што гэтак Эмамалі Рахмон рыхтуе сабе пераемніка.

Рустам – не адзіны з дзяцей Рахмона, які займае высокую пасаду на дзяржаўнай службе. Летась дачка прэзідэнта Азада Рахмон узначаліла выканаўчы апарат кіраўніка дзяржавы. Для кіраўнікоў краінаў Цэнтральнай Азіі прызначэнне сваякоў на высокія пасады – справа звычайная.

Cтарэйшая дачка прэзідэнта Казахстана Дарыга Назарбаева ў розны час ачольвала галоўны інфармацыйны холдынг краіны, кіравала ўласнай партыяй, была дэпутаткай парламенту, намесніцай прэм’ер-міністра. Імклівую кар’еру цяпер робяць і яе дзеці. Айсултан Назарбаеў, напрыклад, гэтак жа, як і сын Рахмона, узначальвае нацыянальную федэрацыю футболу.

«Праз волю Алаха я нарадзіўся ў такой сям’і, у сям’і лідара нацыі, у сям’і нашага прэзідэнта, і мая галоўная пасада – тое, што я ўнук прэзідэнта, і на гэтай пасадзе я застаюся 24 гадзіны на суткі», – заяўляе ўнук прэзідэнта Казахстану Айсултан Назарбаеў.

Сярэдні зяць Назарбаева, мільярдэр паводле спісу «Форбс», кіраваў найбуйнейшым фінансава-прамысловым холдынгам краіны Самрук-Казына, які акумуляваў у сабе галоўныя прадпрыемствы краіны.

Не адстае ад сваіх цэнтральна-азіяцкіх калегаў і апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка. Малодшы сын кіраўніка нашае краіны Мікалай, якому ўсяго 12 гадоў, хоць пакуль і не займае важных дзяржаўных пасадаў, аднак прысутнічае практычна на ўсіх значных дзяржаўных імпрэзах.

Аднак апошнім часам Лукашэнка-малодшы стаў з’яўляцца на публіцы нашмат радзей. Ягоны бацька патлумачыў гэта жаданнем сына засяродзіцца на вучобе. Коля хоча зрабіцца доктарам або вайскоўцам, а вось прэзідэнтам, паводле яго асабістага прызнання, ён сябе не бачыць. Але гэта, магчыма, пакуль.

Ігар Віняўскі