Галадоўніца з руху «Маці 328»: Толькі Лукашэнка можа скончыць вар’яцтва


Пра галадоўку кажуць, што як форма пратэсту – гэта самы скрайні крок, калі ўсе іншыя спосабы пратэставаць і даводзіць сваю рацыю вычарпаныя. Па сутнасці, гэта ўльтыматум: альбо вы да нас прыслухаецеся, альбо мы памрэм. Між тым улады Беларусі на ўльтыматумы сваіх суграмадзянаў, даведзеных да адчаю, дзейнічаюць паводле аднае завядзёнкі. Ірыну Казакову, гаспадыню кватэры ў Калінкавічах, дзе адбываецца бестэрміновая галадоўка маці асуджаных за наркотыкі дзяцей, выклікаюць у пракуратуру, каб даць нейкія тлумачэнні. У «Гарачым каментары» – Таццяна Канеўская, актывістка руху «Маці 328».

«Мы наведалі літаральна кожнае міністэрства, якое існуе ў нашай рэспубліцы. Кожнага дэпутата мы наведалі па некалькі разоў, хадзілі як па адзіночцы, так і групамі. Я асабіста пісала чатыры звароты з просьбай, каб мяне прыняў Аляксандр Рыгоравіч, на што мне адказалі, што кіраўнік краіны не вядзе прыём грамадзянаў. <…> Увогуле за тры гады мы проста кіпамі папераў абраслі – нас ніхто не чуе. Сустракацца з кімсьці, ніжэйшым па рангу за Лукашэнку, мы не будзем. Таму што мы праходзілі ўсе прыступкі і выдатна бачылі, што куды б мы не звярталіся са сваёй просьбай, увесь час людзі спіхваюць адзін на аднаго. Калі мы ўсё гэта прайшлі, мы зразумелі адну простую рэч: пакуль Аляксандр Рыгоравіч асабіста не выдасць указ, каб спыніць гэтае вар’яцтва, яно не спыніцца», – заявіла Таццяна Канеўская.