Гайдукевіч і Усаў на «Белсаце» робяць прагноз на 2018-ы


Чалец Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч і доктар палітычных навук Павел Усаў падводзяць у эфіры «Гарачага каментару» вынікі папярэдняга году і робяць прагноз на 2018-ы.

«Хоць у Беларусі стабільнасць, у гэтай стабільнасці адбываюцца часам моманты напружанасці, якія прыводзяць да сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай дэстабілізацыі. Ніхто не мог прадказаць абсалютна нечаканыя акцыі «дармаедаў» у 2017-м, якія не былі звязаныя з палітычнымі працэсамі, – кажа Павел Усаў.

«У 2018-м, падаецца, ніякіх сур’ёзных выклікаў для палітычнай сістэмы не можа быць: няма ані выбараў, ані рэферэндумаў, ані ўнутрыпалітычных канфліктаў. Але эканамічныя працэсы застаюцца непрадказальнымі – і яны з’яўляюцца вельмі вострымі для палітычнай сістэмы», – заяўляе Усаў.

Аднымі з галоўных дасягненняў 2017-а Алег Гайдукевіч называе прыняцце двух прэзідэнцкіх дэкрэтаў – аб развіцці прадпрымальніцтва і аб развіцці лічбавай эканомікі. Кажучы пра 2018-ы чалец ЛДП адзначае выбары ў мясцовыя саветы.

«Партыі павінныя ўдзельнічаць у выбарах або рабіць рэвалюцыю», – тлумачыць актыўны ўдзел ягонай партыі ў выбарчай кампаніі госць праграмы.

«Рэвалюцыі Беларусі не патрэбныя, – кажа Гайдукевіч. – Мы выстаўляем найбольш кандыдатаў сярод усіх палітычных партыяў. На выбарах у 2016-м у парламент патрапілі кандыдат ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Канапацкая, Алена Анісім, а таксама кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Апроч таго, старшыня партыі стаў чальцом Савету Рэспублікі».

На думку Гайдукевіча, парламент ужо змяніўся.

«Ідзе нейкі рух», – упэўнены палітык.

Поўную размову глядзіце ў «Гарачым каментары»

Фота вокладкі – Белсат/Naviny.by