Французскія сацыялісты рыхтуюцца да выбараў, але шанцаў на прэзідэнцтва ў іх мала




Два фіналісты праймарыз сацыялістычнае партыі Францыі сустрэліся на апошніх перад лёсавызначальным галасаваннем тэледэбатах.

І хоць дыскусія атрымалася гарачая, апытанні паказваюць, што на вясновых прэзідэнцкіх выбарах сацыялісты і так не маюць ніякіх шанцаў.

Былы міністр адукацыі Францыі Бэнуа Амон другі раз запар перамог на тэледэбатах, якія прайшлі напярэдадні нядзельнага галасавання ў другім туры праймарыз сацыялістаў. Супернікам Амона выступіў экс-прэмʼер краіны Мануэл Вальс.

«Вы кажаце што здасцеся, і дэфіцыт бюджэту перавысіць 3 %, кажаце, што трэба павялічваць колькасць працоўных дзяржаўнага сектару, кажаце нават, што нам патрэбны новы авіяносец, – гэта ўздымае пытанне даверу. Нашыя дзяржаўныя выдаткі і так высокія. Людзей трэба абараняць, клапаціцца пра іх, навучаць, а не толькі прымушаць іх марыць», – заявіў Мануэл Вальс.

Згодна з падлікамі эканамістаў, кошт праграмы, якую прасоўвае былы міністр адукацыі, складзе ад 300 да 400 млрд еўраў на год, што прывядзе да яшчэ большага дэфіцыту французскага бюджэту. Аднак у асяроддзі сацыялістаў шырыцца меркаванне, што Мануэл Вальс нясе адказнасць за правалы падчас пяцігадовай кадэнцыі прэзідэнта Франсуа Алянда.

«Мары, якія вы фінансавалі вашым урадам, – гэта мары тых, хто і так ужо шмат мае. Тых, хто добра ўладкаваўся. Я вельмі рады сказаць гэта – палітычныя рашэнні, якія я прапаноўваю, гэта не продаж мараў, гэта пытанне справядлівасці. А справядлівасць у маіх вачах – гэта дапамагаць тым, хто працуе, хто імкнецца працаваць, і тым, хто аплачвае працу сумленна», – выказаўся Бэнуа Амон.

Згодна з адным з даследаванняў, Амон выглядаў больш пераканаўча для 60 % тэлегледачоў, а Вальс – толькі для 37 %. Гэта яшчэ больш набліжае ўнутрыпартыйную перамогу Амона, які лідаруе пасля першых праймарыз з 36 % галасоў выбарцаў. Але хто б з сацыялістаў у выніку ні перамог, падчас прэзідэнцкіх выбараў ён мае вельмі слабыя шанцы. Ніводнае з пяці апытанняў, праведзеных за апошнія два тыдні ў краіне, не дае сацыялістам нават 10 % галасоў.

Сапраўдная ж барацьба разгорнецца паміж двума прыхільнікамі расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна: пераможцам праймарыз рэспубліканцаў – Франсуа Фіёнам і лідаркай Нацыянальнага фронту Марын Ле Пэн. Згодна з даследаваннямі, абодва кандыдаты маюць цяпер 25 % падтрымкі кожны. А першы тур выбараў адбудзецца ўжо менш як праз тры месяцы – 23-га красавіка.

Чытайце таксама:

Ігар Кулей, belsat.eu