Франак Вячорка: На год-два Беларусь губляецца з парадку дня амерыканскай палітыкі


Беларускі журналіст падзяліўся сваім меркаваннем наконт таго, чаго чакаць ад прэзідэнцтва Доналда Трампа.

Амерыканцы пратэстуюць. Доналд Трамп не адступае. А ворагі дэмакратыі пляскаюць у ладкі ад задавальнення. Палітычны свет жыве не толькі ў няпэўнасці, але і чаканні сапраўднае буры.

Амерыканскі прэзідэнт глядзіць на свет у кантэксце бізнесу. Калі штосьці не прыносіць выгады для ЗША, то не мае сэнсу. Гэтак, ужо прагучалі словы Трампа пра аслабленне Еўразвязу ў гаспадарчым сэнсе, а нават – распад. Таксама акрэсліўся гандлёвы канфлікт з Кітаем, да якога ўсе эксперты прыглядаюцца з непакоем. А вось Расея актывізавала працу сваёй дыпламатыі ў кірунку Вашынгтону і голасна гаворыць пра жаданне супрацы з новым кіраўніцтвам. Якое месца паміж Масквой ды Вашынтонам зойме Беларусь, каментуе рэдактар радыё «Свабода» Франак Вячорка:

«Беларусь будзе ўспрымацца сатэлітам Расеі. Ніхто не будзе надаваць асобную ўвагу, як было пры Джорджы Бушы. Калі прыйшоў Буш, Амерыка прыняла вельмі суворы «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, Лукашэнка набыў статус апошняга дыктатара Еўропы. Цяпер спадзявацца на падобнае ад Трампа не даводзіцца. Трамп будзе займацца пераразмеркаваннем гандлёвых сувязяў. Ужо сёння ён скасаваў Трансціхаакіянскай супрацы і заявіў аб аднаўленне блоку НАФТА – так званай гандлёвай супрацы Канады, ЗША ды Мексікі. Беларусі ў гэтым няма: ні ў гандлёвым сэнсе, ні ў палітычным, ні ў вайсковым. Пра ніякія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі, ці пра Беларусь як пра патэнцыйны фарпост агрэсіі Расеі гаворкі не вядзецца. Таму, думаю, мы цяпер губляемся з парадку дня, прынамсі, на год-два амерыканскай палітыкі», – заявіў Франак Вячорка.

Глядзіце таксама: