Феномен: у Беларусі знікаюць інваліды


Ва ўсім свеце людзі з абмежаванымі магчымасцямі складаюць каля 15 % ад папуляцыі, а ў Беларусі – толькі 5,8 % ад насельніцтва. Што за цуд?

Паводле Алены Цітовай з Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, у нашай краіне існуе «негалоснае распараджэнне», каб колькасць людзей з інваліднасцю не расла.

Фота на перадпраглядзе Viktor Drachev/TASS/Forum

У выніку – не толькі прыгожая статыстыка, але і абмежаванне выдаткаў на гэтую катэгорыю насельніцтва. Толькі людзей з праблемамі ад гэтага меней не становіцца. І хоць у нас існуе «цэлая» дзяржаўная праграма дапамогі, часцей інвалідам даводзіцца браць развязанне праблемаў у свае рукі.

А бывае нават так, што чыноўнікі не толькі не дапамагаюць, але і становяцца перашкодаю на дарозе да ажыццяўлення мары. Ёсць яшчэ адна негалосная забарона: на доступ інвалідам ад нараджэння да некаторых прафесіяў і нават да навучання ў ВНУ.

Іне Вячорка з Пінску, якая мае рэдкае захворванне і вельмі крохкія косці, дарагі вазок падаравала невядомая жанчына з Швейцарыі. Але ж выехаць на ім з кватэры яна не можа, бо ў пад’ездзе няма пандуса. ЖЭС гадамі абяцае яго пабудаваць. Усё няма грошай.

Маша Лубнеўская, хоць і з цяжкасцямі, але можа перасоўвацца на сваіх нагах. Дзяўчына марыць скончыць медычны каледж. Але медыка-рэабілітацыйная камісія ёй гэта забараніла, пастанавіўшы, што яна пойдзе вучыцца ў каледж электронікі. Гэта пры тым, што ў першай установе дзяўчыну гатовыя былі прыняць, а бацькі – аплочваць навучанне. Але Маша сваёй мары не пакінула і гатовая зрабіць усё, каб яе рэалізаваць.

Гэта ўдалося Аляксандру Макарчуку, які стварае сайты, нягледзячы на тое, што цалкам паралізаваны. Або Сашу Аўдзейчыку, які штодня перасоўваецца ў вазку, а час ад часу з задавальненнем ганяе на квадрацыкле.