Агляд падзеяў культуры Фатаграфія ХХII стагоддзя


Чарнаскуры працаўнік на лаўцы. Сівы стомлены мужчына ў інвалідным вазку, побач – жанчына… Дзяўчынка ў простай сукенцы… Кумачкі з добрым апетытам і без комплексаў… Дама, што мяркуе падабраць кімсьці выкінутыя чаравікі…Цягам года Барыс Равіч, вядомы ізраільскі фатограф, здымаў адную і тую ж лаўку ў прыморскім ізраільскім горадзе Нэтанья. З раніцы, удзень, увечары. Свет шумеў і тупаў, злаваўся, шукаў праўду, а камера захоўвала асобы і характары, прыкметы побыту, людскую плынь – заўжды непаўторную. Серыю працаў «Лаўка», прэзентаваную на выставе-рэтраспектыве «Маймі вачыма» Барыса Равіча ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, адмыслоўцы ўжо назвалі фатаграфіяй ХХII стагоддзя.Іна Шэйхатовіч, куратарка выставы, мастацтвазнаўца: «Гэтыя здымкі ўжо сталі капсулай часу, пасланнем у будучыню: пройдуць дні, зменіцца жыццё, а па гэтых здымках можна будзе аднавіць нас і наш час».Выстава «Маймі вачыма» прапаноўвае сюжэты, звязаныя з тэатрам і музыкаю Ізраілю, партрэты актораў і рэжысёраў, сцэны са спектакляў, фрагменты перформансаў. Усё гэта дае невялікую, але каштоўную магчымасць дакрануцца да мастацтва краіны, пра якую нарадзінец Беларусі Шымон Пэрэс сказаў, што «Ізраіль у большай ступені драма, чымся краіна». Выстава працягнецца да 10 красавіка.Іншыя тэмы: Свята пісьменніка і прэмія «Дэбют». Пуд мёду за добрае слаўцо. Веснавыя святы – і Казюкі ў Горадні. Святло яе ўсмешкі – вянок памяці Наталлі Крачкоўскай.Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Каментары