Гарачы каментар Еўразвяз не будзе набываць электрычнасць з Астравецкай АЭС


Беларускія ўлады запэўніваюць, што атамная станцыя ў Астраўцы, якую будуе «РасАтам», будзе мець найвышэйшы ўзровень бяспекі. Аднак будаўніцтва непакоіць эколагаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Перадусім – літоўскіх. Пра тое, як нашыя заходнія суседзі глядзяць на беларускую АЭС, у «Гарачым каментары» распавядае эколаг Віталіус Балкус.Воля Жарнасек: Беларусь заявіла, што будаўніцтва Астравецкай АЭС скончыцца праз два гады. Ці ёсць у Вільні нейкія надзеі на тое, што можна паўплываць на гэты працэс?Віталіус Балкус: На жаль, пытанні да беларускага боку наконт пабудовы станцыі з’явіліся ў Літве занадта позна. Некалькі гадоў таму быў момант, калі павінна было запусціцца будаўніцтва адразу трох станцыяў – астравецкай, вісагінскай і калінінградскай. У той момант, на жаль, урад Літвы не прымаў ніякіх сурʼёзных крокаў. Больш за тое, імаверна было нейкае патаемнае пагадненне аб тым, каб адзін аднаму не перашкаджаць у пабудове сваіх станцыяў. Але рэферэндум у Літве раз і назаўсёды закрыў пытанне па станцыі.Расейская станцыя павінная была быць экспартная, але праект па ёй, я разумею, зачынены. Засталася Астравецкая станцыя, якая, з пункту гледжання бяспекі, хвалюе і мяне як эколага, і мноства іншых людзей.

Мы сачылі за пабудовай беларускай станцыі з самага першага дня, і ведаем, што паводле першай справаздачы пра бяспеку, у выпадку звышпланавай аварыі зона суцэльнай эвакуацыі складае 800 метраў. Гэта абсалютнае глупства. Мы не верым, што Беларусь прадставіць нейкія абʼектыўная звесткі, якія б паказалі рэальную бяспеку ці небяспеку станцыі.

У літоўскім грамадстве пытанне Астраўца не зʼяўляецца раздражняльнікам, бо для многіх літоўцаў пытанне атамнай энергетыкі закрытае тры гады таму. Мяркую, калі працэс пабудовы станцыі будзе працягвацца і яе нарэшце пабудуюць, у літоўскім грамадстве будзе шмат незадаволеных.Што ў такім выпадку гэта азначае практычна: літоўцы будуць сядзець на парахавой бочцы ці дамагацца яе закрыцця?Натуральна, ёсць не шмат механізмаў, якія дазваляюць зачыніць станцыю, якая дзейнічае, асабліва па-за тэрыторыяй Літвы. Мы цудоўна ведаем, што станцыя ў Калінінградзе павінная была працаваць на экспарт, і праект быў замарожаны, бо электрычнасць з той станцыі ніхто б не стаў набываць. Улічваючы, што Еўразвяз не будзе набываць электрычнасць у Астраўцы, тое ж самае можа здарыцца і з беларускай станцыяй.Калі будуюцца такія вялікія генеруючыя магутнасці, пытанне экспарту стаіць вельмі востра. Калі няма магчымасці экспарту – станцыя будзе працаваць вельмі нестабільна. А калі станцыя працуе нестабільна – гэта дадатковая рызыка ў плане бяспекі.Працяг размовы глядзіце ў відэаматэрыяле.

Каментары