Пенсіянеру сказалі: Хочаш кватэру? Пражыві яшчэ 40 год і плаці унёскі


Прыватызацыя ў Беларусі: ўто не паспеў, можа аказацца на вуліцы

Сёння толькі ў Менску застаецца 13 тыс. не прыватызаваных кватэраў. У кожнага з уласнікаў ёсць прычыны жыць у сваёй кватэры на правах арандатара. Алена Дубовік, напрыклад, даўно планавала прыватызаваць жытло, але не магла зрабіць гэтага, бо ейны дом ідзе пад знос. Жанчыне давялося прайсці праз шматлікія адміністратыўныя працэдуры, каб нарэшце атрымаць дазвол на прыватызацыю – і ва ўласнасць кватэру яна атрымае толькі праз 40 гадоў.

А пенсіянер Юрый Мікалаевіч прынцыпова не прыватызуе сваю кватэру, бо грошай на першы ўнёсак няма – гэта 18 ягоных пенсіяў. Дый не верыць Юрый Мікалаевіч, што дажыве да моманту, калі стане ўласнікам жытла.

Ці скончылася на Беларусі прыватызацыя і што пагражае тым, хто не хоча плаціць за кватэру, якая ўжо і так падавалася сваёй – глядзіце ў рубрыцы «Свая кішэня».

Згубіць у адзін дзень і мужа, і дом

Спадарыня Кацярына восем гадоў пражыла ў шлюбе ў доме свайго мужа. Нязграбны дом за $ 7 тыс. яны ўласнымі сіламі і за ўласныя грошы ператварылі ў катэдж коштам у $ 56 тыс. Але ў адзін дзень Кацярына страціла і сужэнца, і дом. Ейны муж памёр і не пакінуў тастаменту, а правы на дом заявіла былая жонка. І паводле пастановы суда Менскага раёну Кацярына разам з сынам атрымала толькі 0,2 дому.

Ці ёсць у Кацярыны шанцы абараніць свае правы ды вярнуць хаця б палову дому; як дамагацца праўды ў справах па спадчыне; чаму маёмасць лепш не завяшчаць, а прадаваць – глядзіце ў рубрыцы «Барані сваё».

Як у Беларусі робяць конную збрую

Майстэрня «Дэнсінг волфз» займаецца вырабам і рамонтам элементаў коннае збруі ды скураных аксесуараў для коннікаў. Асноўныя кліенты майстэрні – аматары ваеннае рэканструкцыі, якія аддаюць перавагу зробленым згодна са старажытнымі традыцыямі прадметам.

Кампанія «Белая грыва» працуе ў вытворчасці коннае збруі больш за дваццаць гадоў, сярод кліентаў фірмы шмат замежнікаў – пераважна з Канады ды Ізраіля, дзе ёсць моцныя беларускія дыяспары. Цяпер «Белая грыва» робіць падарунак для дзяржаўнага цырку Туркменістану (і адна гэткая замова забяспечвае ледзь не месяцавы прыбытак фірмы).

Усе нюансы таго, як зарабляюць на коннай збруі ў часы татальнай аўтамабілізацыі распавядзем у рубрыцы «Сакрэт фірмы».