Экскурсія на малую радзіму Святланы Алексіевіч. Узгадваюць знаёмыя і сябры


У сваёй нобэлеўскай лекцыі лаўрэатка Святлана Алексіевіч сказала: «Я складваю вобраз сваёй краіны ад людзей, якія жывуць у мой час». Ейныя творы напоўненыя адзінокімі чалавечымі галасамі, якія складаюць хроніку вялікай утопіі.

Аўгіння Манцэвіч адправілася пад Мазыр, дзе Святлана Алексіевіч скончыла школу і пачала працаваць, у месца, дзе адбылося ейнае сталенне і станаўленне як пісьменніцы. З кім яна жыла і вучылася, якімі сцежкамі хадзіла, і якія галасы сёння гучаць на малой радзіме Святланы Алексіевіч?

Спачатку Аўгіння паедзе ў вёску Івашкевічы, дзе сустрэне сяброўку юнацтва пісьменніцы, Надзею Коржык. А заслужаны акцёр Беларусі Васіль Галец пакажа месца, дзе стаяў дом сям’і Святланы, ды падзеліцца сваймі дзіцячымі ўспамінамі. У Капаткевіцкай сярэдняй школе завітаем у літаратурны пакой, прысвечаны нобэлеўскай лаўрэатцы. Пасля вядоўца зойдзе ў невялічкую прыватную краму, каб пагутарыць з аднакласніцай Алексіевіч, Тамарай Шогінай.

На другі дзень Аўгіння Манцэвіч накіруецца ў Мазыр, дзе жыве мастак Мікалай Дуброва, для каго гэтыя мясціны таксама ёсць малой радзімай, а людзі – крыніцай натхнення.