Зоры не спяць Эколаг Ірына Сухій: «Беларусаў трэба ў Афрыку звазіць!»


https://youtu.be/GMEZxKfMsUY«Простыя словы, простыя рэчы, хлеб на стале, полымя ў печы…». Гэтыя словы песні Міхала Анемпадыстава з «Народнага альбому» схапілі, бадай што, асноўную беларускую формулу: простасць, блізкасць да зямлі, хата, цяпло печы. Гэта нашыя каштоўнасці, я б сказала, экалагічна чыстыя каштоўнасці, якіх мы трымаемся і якімі можам дзяліцца з іншымі.Пра беларускую формулу экалогіі, пра дачныя памідоркі, балоты і сучаснасць, пра АЭС пад Астраўцом і пра тое, як звычайнаму гараджаніну зрабіць сваё жыццё больш экалагічным, гаворым з Ірынаю Сухій. Мая госця – эколаг, былая старшыня аб’яднання «Экадом», адна з ініцыятарак стварэння таварыства «Зялёная сетка». Ірына паходзіць з заможнай менскай сям’і, у юнацтве была «мажоркай», але ўжо ў інстытуце, на філфаку, узбунтавалася і пачала інтэнсіўна шукаць сябе ды сваю філасофію. У грамадскі рух трапіла ў 80-х, прайшла кар’ерны рост ад дворнічыхі праз палітолага да старшыні арганізацыі «Экадом», займалася аздараўленчымі праектамі для чарнобыльскіх дзетак. У 2012-м была аштрафаваная за «дробнае хуліганства», калі несла ў расейскую амбасаду зварот супраць падпісання кантракту аб будаўніцтве АЭС у Беларусі. – Вы бунтаўніца паводле прыроды? Ці гэта грамадская дзейнасць у нашай краіне дыктуе такі стыль?– Ну, у часы Савецкага Саюзу, мне здаецца, не супраціўляцца таму, што адбывалася, было немагчыма. То бок у альтэрнатыву ад савецкай паўсядзённасці не сысці было немагчыма, бо іначай было не выжыць. – І пазней гэта плаўна перарасло ў грамадскую дзейнасць, у актыўную грамадскую пазіцыю? А адкуль туды з’явілася экалогія, на якім этапе?– У нас была тады моладзевая арганізацыя «Next StopNew Life» і праект з чарнобыльскімі дзецьмі. І вось недзе там самы пачатак. Я тады нарадзіла дачку, і пачала думаць, што можна, чаго нельга, што з радыяцыяй, пра што нам не гавораць… А яшчэ – проста любоў да прыроды, якая з сям’і, ад бацькоў, мы ўсё жыццё вельмі шмат ездзілі ды праводзілі вольны час у лясах, на берагах азёраў… Мы ніколі не ездзілі адпачываць у Крым, мы ездзілі на бераг Нарачы. Чарнобыль жа актуалізаваў менавіта пачуццё бяспекі – і небяспекі.– Думаю, бунтоўны характар у грамадскай дзейнасці прыдатны ў нашай краіне. Зрэшты, «зялёныя» па ўсім свеце актыўныя, бо як жа інакш? У іх няма заканадаўчых рычагоў, і калі адбываецца нешта непапраўнае, можна толькі біць у званы. Гэтак, палякі некалі ў межах пратэсту супраць вырубання Белавежскай пушчы прывезлі ў сталіцу агромністы зруб дрэва, які ледзь змясціўся ў грузавік, – каб прадэманстраваць маштаб магчымай шкоды. У нас такія відовішчныя акцыі магчымыя?– Нешта магчымае. У нас была адна гісторыя, калі мы стараліся прыпыніць асушэнне тарфянікаў на тэрыторыях пад асаблівай аховаю. Была адпаведная пастанова Савету Міністраў, якую выпусцілі ды паводле якой тры тысячы гектараў з тэрыторыі пад асаблівай аховаю меркавалася вывезці, каб здабыць торф… І гэта з пункту гледжання эканомікі да такой ступені не эфектыўна, і гэтак моцна шкодзіць экасістэме, у прыватнасці, балотным экасістэмам, што мы ўжо не ведалі, што нам і рабіць.У нас быў тэзіс «замарозіць пастанову», бо адмяніць яе мы не маглі. І мы ўзялі ды фізічна яе замарозілі, склікалі прэс-канферэнцыю і паказалі журналістам замарожаны аркуш надрукаванай пастановы. «Вось, – кажам, – мы дакумент замарозілі». Самае дзіўнае, што гэта спрацавала, як, напэўна, рытуалы вуду, дзе тыцкаюць голкаю – то бок мы замарозілі, а потым мінае нейкі час, мае калегі едуць на семінары ў справах балотаў, і там ім прадстаўнікі Міністэрства прыроды кажуць: «Вы ведаеце, а пастанова, супраць якой вы змагаліся, здаецца, замарожаная…»– Які гэта быў год? Упершыню чую гэтую цудоўную гісторыю.– Недзе 2011–2012.– Ведаю, што барацьба эколагаў за балоты, супраць іх асушэння, і агульна скончылася перамогаю?– Ну, не абсалютнай, не скажу, што мы спынілі ўсё, але большую частку з тых васьмі балотаў, якія планавалі рэарганізаваць, нам удалося адстаяць. І агромністую ролю адыгралі мясцовыя жыхары, якія не маўчалі ды падтрымлівалі нас. Бо, пэўна, калі б пратэставалі толькі мы, гэта мала б паўплывала на сітуацыю.Тады ж у нас быў першы досвед збору электронных подпісаў. Мы паставілі сабе невыканальную задачу: сабраць сто тысячаў. Сабралі дзесяць тысячаў, але на той момант гэта было даволі вялікім поспехам.– А якім чынам канкрэтныя людзі, мясцовыя жыхары, могуць уплываць на сітуацыю, калі яны бачаць парушэнні ці пагрозу экалогіі?– Ёсць такая рэч, як Оргуская канвенцыя. Гэта канвенцыя аб доступе да інфармацыі ды ўдзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў аб пытаннях навакольнага асяроддзя. Беларусь яе падпісала, ратыфікавала, яна частка нашага заканадаўства. – То бок, кожны з нас можа і мае права ўплываць на тое, што адбываецца вакол яго, так?– Так, мае права. Але каб людзі пачалі браць нейкі чынны ўдзел, дзяржаўныя структуры таксама мусяць прыкладаць пэўныя высілкі, і гэта ўсё вельмі добра і зразумела прапісана ў канвенцыі. Мы стараемся змусіць дзяржаву выконваць канвенцыю лепей, чым гэта адбываецца цяпер.– Грамадзяне павінны сачыць, што робіць дзяржава?– Вось цяпер, напрыклад, скончыліся грамадскія абмеркаванні генеральнага плану Менску, ёсць такое і ў іншых гарадах, і ўлады звычайна пра гэта інфармуюць, яны маюць такі абавязак. Але інфармуюць на сваіх сайтах, а нават калі публікуюць у газетах, то людзі цяпер значна менш чытаюць газеты, а ў інтэрнэце знайсці сайты дзяржаўных органаў зусім не проста.Але ёсць проста жыхары, а ёсць – грамадзянін. Калі чалавек клапоціцца пра тое месца, горад, двор, дзе ён жыве, калі ён у курсе таго, што адбываецца, то варта ведаць, што ёсць у Беларусі дакумент, які дазваляе ўплываць на дзеянні ўладаў – вось гэтая Оргуская канвенцыя, і трэба абавязкова гэта рабіць. Бо інакш мы застанемся ў каменных джунглях, абстаўленыя атамнымі станцыямі ды якімі-небудзь хімічнымі заводамі.– Атамныя станцыі – вельмі гарачая тэма цяпер для Беларусі. Астравецкая АЭС сіламі расейскіх выканаўцаў будуецца блізу літоўскай мяжы, за 18 км ад Астраўца. Паводле планаў, першы блок мусіць быць уведзены ў 2018 годзе, другі – у 2020-м. Дарэчы, менавіта за спробу ўручыць петыцыю прадстаўнікам расейскай амбасады супраць удзелу расейскай кампаніі ў будоўлі вас затрымалі ды аштрафавалі… Гэта адбылося два гады таму. Што змянілася, якія цяпер меркаванні ды мэты эколагаў, і што яшчэ можна рэальна зрабіць?– Ну, несумненна, нашая даволі катэгарычная пазіцыя не змянілася: у Беларусі не мусіць быць атамнай электрастанцыі. У нас няма ні патэнцыялу, ні спецыялістаў, а самае галоўнае – у нас няма неабходнасці ў гэтай атамнай станцыі, нам не патрэбная гэтая энергія. Краіне хапае таго, што ёсць.– А калі патрэбы будуць расці?– Вядома, што атамная станцыя дасць 12 % ад усёй энергіі, якая ствараецца на патрэбы Беларусі. А спецыялісты кажуць, што патэнцыял энергаашчаджэння ў Беларусі – да 40 %. Дык укладзіце грошы ў энергаашчаджэнне, і мы атрымаем не 12 % плюс энергіі, а 40 %. А потым яшчэ, калі ў краіне пачынае развівацца атамная энергетыка, гэта, як правіла, паўстрымлівае развіццё аднаўляльнай энергіі. Я патлумачу, чаму.Вось атамная станцыя, калі працуе, з ёй нельга абыходзіцца паводле прынцыпу «ўключыў – выключыў», яна працуе ўвесь час. То бок побач з атамнаю станцыяй, а прынамсі паралельна мусіць быць яшчэ нейкая станцыя, напрыклад, газавая, якая рэгулюецца (уключаецца і выключаецца) у залежнасці ад бягучых патрэбаў.З аднаўляльнымі крыніцамі энергіі справа такая: мы не можам рэгуляваць, сонца ёсць ці няма, вецер ёсць ці сціх. Цяпер ён ёсць, яго шмат, і энергіі шмат, але ў гэты момант яе столькі не трэба. І яе можна прыгасіць. А калі мы развіваем атамную энергетыку, то неабходнасць рэгуляваць гэтыя плыні ўскладняецца. І, як правіла, са з’яўленнем атамных крыніцаў энергіі змяншаецца развіццё крыніцаў аднаўляльных. Таму, вядома, лепш укладаць грошы ў аднаўляльныя крыніцы энергіі, чым у атамную электрастанцыю.З аднаўляльнымі была адна праблема: што яны выпрацоўваюць энергію, калі выпрацоўваюць, а не тады, калі нам трэба, і праблематычна было навучыцца захоўваць энергію. Але новыя тэхналогіі пачынаюць развязваць гэтую праблему, і ўжо праз пяць гадоў усе будуць смяяцца з атамных станцыяў.– Дык ужо ж такія грошы ўкладзеныя…– Іх зарываюць. Гэта самае крыўднае: нашая краіна пры дапамозе расейскіх крэдытаў выдаткоўвае кучу грошай, якія можна было б патраціць з большаю карысцю, і не будаваць небяспечнага аб’екту, які, магчыма, ніколі не запусціцца.– Што пацвярджае нядаўні прыклад Ігналінскай АЭС…– Так. А ў Аўстрыі быў выпадак, праўда, даволі даўно, калі пабудавалі атамную станцыю і не запусцілі. Пабудавалі да канца, а потым правялі рэферэндум, і жыхары Аўстрыі сказалі, што яны не хочуць атамнай станцыі, і яна дагэтуль стаіць пустая.– Такі музей я б у Беларусі вітала. А з другой галіны пытанне: у нас у краіне няма экалагічнае адукацыі. Ці ёсць пры гэтым шанец спадзявацца на развіццё экалагічнай моды і таго, што гэта зробіцца ладам жыцця?– А ведаеце, сярод моладзі гэта ўжо вельмі папулярна. Экалогія – у трэндзе, гэта сусветная тэндэнцыя. Ёсць жа ж цудоўныя гісторыі пра людзей, якія нічога не купляюць, жывучы толькі тым, што выкідаюць іншыя. Бо выкідаецца вельмі шмат. Магчыма, і Беларусь не самая багатая краіна, але калі вы глянеце на смецце, то знойдзеце там нямала добрых, якасных рэчаў. Пачынаючы з таго, што вокны людзі мяняюць: устаўляюць шклопакеты, а выкідаюць вялікія, цудоўныя рамы выдатнай якасці. То бок збірай і стаў у новыя дамы, якія будуюць. А вось харчы ў нас менш выкідаюць людзі – добрай якасці.– Даядаем усё?– Даядаем. Але вельмі шмат рэчаў выкідаем. Дарэчы, «Зялёная сетка» (www.greenbelarus.info) ладзіць рэгулярныя кірмашы рэчаў, людзі могуць прыносіць тое, што хочуць выкінуць. Кнігі… Да пачатку навучальнага года мы рабілі кірмаш школьных дробязяў і кніжак – дзеці растуць, застаецца шмат добрых рэчаў, якімі людзі не карыстаюцца, а іншым яны патрэбныя. І такія кірмашы мы ладзім сістэматычна.– То бок адно з правілаў эколага мы вывелі: даваць новае жыццё рэчам або падаўжаць іх натуральнае жыццё. Так?– Мой калега Гарадскі Ляснічы кажа гэтак: «Калі можаш не купляць – не купляй. Калі можаш адрамантаваць – адрамантуй». Гэта вельмі важна, бо мы ўжо проста адвыкаем – не ўмеем нейкія простыя нават рэчы пачыніць, хоць часта гэта не складана.– Экалогіі пакуль няма як прадмету ў школах, таму давайце тут зоймемся падставамі экалагічнай адукацыі. Ежа. Мне здаецца, тут якраз беларусы – амаль бездакорна экалагічныя, прынамсі традыцыйна: «хлеб на стале, полымя ў печы» і гуркі з дачы без пестыцыдаў – гэта ледзь не кодэкс кожнай сям’і, якая сябе паважае…– Гэта ж заўважалі і замежныя эколагі, калі да нас прыязджалі. Тое, што кожны апрацоўвае свой кавалак зямлі ды харчуецца тым, што там росціць, а не купляе ў краме тое ж самае, але значна горшай якасці ды даражэйшае, бо прывезенае з якой Галандыі – гэта важна. І цудоўна, што ў Беларусі гэта не знікла. Мала таго, яно адраджаецца, бо, як я бачу ў моладзі, ім таксама ўжо важней вырасціць хоць крыху сваёй морквы, а не разбіваць газон. Людзі разумеюць, што на добры газон ты выдаткуеш столькі ж сілаў і энергіі, як на гарод, а ўзамен атрымаеш значна менш.Нават у Менску – праект «Гарадскі гародзік», які за галерэяй «Ў» разбілі, гэта зрабілі зусім маладыя людзі, не прыкладаючы асаблівых высілкаў, робячы гэта эканамічна ды экалагічна, і ў іх выраслі там памідоркі, кінза, пятрушка. А раней гэта быў брыдкі закінуты кавалак зямлі, на якім валяліся старыя апоны.– То бок правіла эколага нумар два: калі бачыш пусты кавалак зямлі – зрабі на ім гародзік.– Можна ж гэта рабіць без фанатызму, не так, як нашыя мамы і бабулі, якія трацілі сапраўды вельмі шмат часу на гарод. Цяпер з’явіліся метады, каб не губляць шмат часу, а плён мець, можа, не самы вялікі, але дастатковы. Самае шкоднае ў гародзе – праполкі.Але ж дастаткова мульчыраваць градкі – то бок абкласці прарослыя расліны паперай, кардонам, а наверх – саломаю. Гэта значна прасцей, і ты робіш гэта адзін раз, а потым спакойна чакаеш, бо пустазелле ўжо не расце. Больш за тое, мульча – папера з саломаю – цудоўна ўтрымлівае вільгаць, таму і паліваць такія градкі даводзіцца значна радзей. Я ведаю гэта з уласнай практыкі: калі мульчырую свой гарод, то амаль не падліваю, нават у самыя гарачыя і сухія сезоны.– Выдатная рада, я таксама паспрабую ў сябе на дачы, дзякую! Далей – пластык. Хвароба ўсіх мам і бабуль: купляем тваражок і ні ў якім выпадку не выкідаем пластыкавай аднаразовай упакоўкі, бо напэўна яшчэ спатрэбіцца. Пластыкам зарастаюць нашыя гаўбцы, буфеты і падваконні. Як з гэтым змагацца?– Гэтае пытанне перадусім да прадаўцоў. Яны ж усё пакуюць, і адмовіцца ад упакоўкі на стадыі набыцця вельмі цяжка. Хто ж табе сёння ў бітончык наліе малака? Але, тым не менш, трэба, купляючы, абіраць прадукт з мінімальнай упакоўкаю: той жа тварог бывае ў пластыку, але бывае і ў паперы. Хаця б гэтак. Ну, і, вядома, выкідаць. Мала таго, выкідаць раздзельна, і пластыкавыя бутэлькі выкідаць у пластык. Гэта тое, чаго нашыя людзі пакуль яшчэ не робяць, а спасылаюцца ўсе на тое, што «ой, а мы бачылі, як прыехалі і забралі ўсё ў адну машыну і так».Раскажу. Мы нават рабілі расследаванне пра гэта. Вельмі дорага збіраць і складаваць усё паасобку. Таму кантэйнеры стаяць, а машына, якая да іх пад’язджае, насамрэч збірае ўсё разам, але гэта не тая машына, якая прыязджае па звычайнае смецце! Яна едзе на смеццеперапрацоўчую фабрыку, і паколькі ўсё збіралася асобна, то нават калі высыпаецца, застаецца ў асобных гурбах, яно не змяшанае з харчовым смеццем, і гэта значна лягчэй сартаваць і падрыхтаваць да перапрацоўвання.Я чула, што плануюць паставіць сметніцы для яшчэ больш дакладнага першаснага сартавання, і гэта вельмі правільна: трэба батарэйкі асобна выкідаць, энергаашчадныя лямпы ртутныя – асобна, лекі – асобна… Ва ўсіх краінах з гэтым даюць рады, і я не думаю, што беларусы такія ўжо дурныя ці не здольныя да навучання.– Здольныя. Таму я вас і запрасіла: мы вучымся і хочам вучыцца.– Ведаеце, трэба беларусаў у Афрыку звазіць… Для мяне гэта было жудаснае ўражанне. Летась я была ўпершыню ў Тунісе, але не ў турыстычных раёнах, дзе ўсё прыбрана, а ў звычайным Тунісе. І ў мяне быў шок, бо людзі кідаюць смецце проста пад ногі, там, дзе жывуць, дзе сядзяць, дзе працуюць на зямлі. І я бачыла заараныя палі, на якіх яшчэ не вырасла тое, што там пасадзілі, а раслі з іх пакеты, пластыкавыя бутэлькі – у агромністай колькасці.Я ўзненавідзела тых, хто прыдумаў пластык, усе гэтыя бутэлькі і пакеты… Бо афрыканцы спрадвеку кідалі ўсё ў зямлю, і ўсё гэта знікала, бо ўсё было натуральнае. Але цяпер еўрапейская цывілізацыя ўнесла ў іхную культуру штосьці, да чаго яны не дастасаваныя – і ўсё, дзе ёсць чалавек, пакрытае цяпер у іх тонкім ці тоўстым слоем гэтага пластыку. У выніку ў некаторых афрыканскіх краінах цалкам забаранілі, напрыклад, пластыкавыя пакеты. Яны проста зразумелі, што немагчыма перавучыць людзей гэтак хутка, і што трэба іх забараніць.– Радыкальна, але мне падабаецца. У нас калі пройдзеш па лесе – там, як у Афрыцы, атрымліваецца, бо спрэс пластык: бутэлькі і пакеты.– Гэта жах. У рыбакоў, якія сядзяць і п’юць піва, ваду ці што там яшчэ, не хапае сілаў, каб падняцца і забраць гэтую бутэльку з сабой у горад, каб выкінуць. Яны парыбачылі – і пакінулі па сабе сметніцу. А яны ж самі прыедуць туды зноў!..Так што абыходзіцца са смеццем трэба вучыцца, і трэба старацца ствараць як мага менш смецця. Трэба адвыкаць ад аднаразовых пакетаў, якія бясплатна раздаюць у крамах, пажадана прыходзіць са сваім пакетам. Хадзілі мы з цудоўнымі сетачкамі, мне нават шкада, што зніклі гэтыя вязаныя сеткі-авоські…– Яны не зніклі, яны ёсць. Але сталі эксклюзіўным і дарагім таварам…– Так? А яны ж вельмі кампактныя, так зручна – паклала ў дамскую торбачку і насі з сабою.– Такім чынам, правіла нумар чатыры: ствараць як мага меней смецця, а з тым, што ўсё ж збіраецца, абыходзіцца разумна: сартаваць і мінімалізаваць. Чарговае правіла, угадваю, будзе – перасесці з машыны на ровар?– Цудоўная прапанова. Цудоўная! Здароўе, экалогія, эканомія. Але гэта ў руках у нашых уладаў – стварыць умовы, каб мы маглі бяспечна і не ломячы сабе ног ездзіць па гарадах і дарогах. Бо бардзюры, з якіх ты саскокваеш…– …проста пад колы машыны…– Дакладна. І таму, думаю, хоць іх усё больш, але не заядламу ўсё ж не так проста перасесці на ровар. Хоць даволі часта, парадаксальна, роварам даехаць бывае нават хутчэй.– Дык у правінцыі гэта ведаюць. Бабулькі ў хустах і спадніцах перамяшчаюцца роварамі не таму, што заядлыя, а таму, што гэта даступна і зручна, калі няма машыны. Тэма ж ровара ў горадзе, як і тэма экалогіі ў гарадской прасторы вельмі шырокая, будзем да яе яшчэ вяртацца. А напрыканцы нагадаю правілы Ірыны Сухій:

– прадукаваць мала смецця;

– сартаваць тое смецце, што ёсць;

– перасесці на ровар;

– быць грамадзянінам і патрабаваць выканання сваіх правоў;

– абмежаваць сваю спажывецкасць;

– падаўжаць жыццё рэчаў;

– расціць ежу на зямлі.

З эколагам Ірынаю Сухій размаўляла Вольга Гардзейчык.«Белсат»

Каментары