Эканоміка расце, а беларусы бяднеюць. Як такое магчыма?


Сёлета беларускі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 1,6%, паведамляюць нацыянальныя статыстыкі. Але просты беларус з таго росту мала што атрымаў.

Усе таму, што ў ВУП улічваецца ўся нацыянальная дзейнасць: і заводаў, што трактароў выпусцілі і нікому не прадалі, і калгасаў, у якіх ураджай з’явіўся – і згніў. Ды і раслі найхутчэй тыя галіны гаспадаркі, якім ужо даўным-даўно трэба было вырасці.

«Найхутчэй расла апрацоўчая прамысловасць. Але зарплаты найхутчэй раслі зусім не ў ёй. Рост у энергетыцы, забеспячэнні гарачай вадою і параю таксама вялікі, але мяне ён зусім не радуе. Бо жывем не ў XIX стагоддзі. Японцы на рубель экспарту энергіі ў 12 разоў менш за нас спажываюць і не бядуюць», – дадае эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі.

А вось будаўніцтва загінаецца: – 7,7% да адпаведнага перыяду мінулага году. Скараціўся ВУП і ў сферах водазабеспячэння, каналізацыі ды вывазу смецця. А чаму ў гэтых сферах росту не назіраецца? Бо тут рост залежыць не ад дзяржаўных датацыяў, а ад прыбыткаў простых людзей – будуюцца, напрыклад, толькі калі на ўсё хапае і на новае жыллё застаецца.

Слабеюць, да таго ж, Магілёўская і Віцебская вобласці.

«Хранічны заняпад рэгіёнаў – лепшая ілюстрацыя гаспадарчага і палітычнага таленту кіраўніцтва краіны», – адзначае Міхал Залескі.

Пра ўсе наступствы «росту» дзеля статыстыкі, а не дзеля дабрабыту глядзіце ў сюжэце праграмы «Асабісты капітал№ (відэа вышэй).