Эканамічныя прагнозы 2018: ВУП, заробкі, беспрацоўе, інфляцыя і курс рубля


Калій і нафта перастануць быць істотнымі драйверамі росту ў наступным годзе, сцвярджаюць эканамісты, апытаныя «Белсатам» у апошнім выпуску праграмы «Давайце разбірацца». Калійны рынак чакае ўводу ў эксплуатацыю шэрагу новых шахтаў, якія могуць пацясніць Беларуськалій як па аб’ёмах, так і па цане.

«Рост прапановы, натуральна, вядзе да зніжэння кошту. Таму ў будучыні магчымы ціск на цану», каментуе глабальны рынак калію эканамічны аглядальнік TUT.BY Аляксандр Заяц.

Між тым, прыбыткі ад гандлю расейскімі вуглевадародамі могуць зменшыцца з-за скарачэння розніцы ў цане паміж нафтай і нафтапрадуктамі, якія з іх вырабляюцца, лічыць аналітык Businessforecast.by Аляксандр Муха.

«Няма патэнцыялу росту коштаў на нафту і нафтапрадукты. Такім чынам, нафтаперапрацоўка, у наступным годзе, наўрад ці зможа стаць істотным драйверам беларускай эканомікі», адзначае старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Затое, на думку шэфрэдактара «Эканамічнай газеты» Леаніда Фрыдкіна, расейскі попыт на беларускія тавары захаваецца налета прынамсі на існым узроўні, або вырасце. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Муха мяркуе, што эканамічны рост нашай краіны ў 2018 годзе будзе меншым, чым сёлета, а магчыма, што ізноў скаціцца ў рэцэсію. Прычына – рэзкі рост кошту абслугоўвання замежнай запазычанасці.

Між тым, былы дарадца Нацбанку Сяргей Жбанаў указвае на імклівы рост грашовай масы, які пачаўся ў апошнія месяцы і асцерагае аб рызыцы разгону інфляцыі ды дэвальвацыі.

Як гэта паўплывае на занятасць, заробкі, кошты і курс рубля – глядзіце на відэа ў праграме «Давайце разбірацца».