Эканамічнае становішча Расеі ўсё больш пагаршаецца


ЛЕАНІД ФРЫДКІН, ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР «ЭКОНОМИЧЕСКОЙ ГАЗЕТЫ»:«Акрамя фармальнага паказніка росту ВУП, ёсць яшчэ паказнікі ўзроўню спажывання ды інвестыцыяў, у тым ліку ў асноўны капітал, – і яны ўпарта расці гне жадаюць».

Лічбы сведчаць: ВУП скарачаецца ўжо 17 месяцаў запар, прыбыткі насельніцтва – 17 месяцаў, інвестыцыі – 25 месяцаў, гэта самы доўгі перыяд падзення з 1993-га года.Найбольш цярпяць сектары здабывання сыравіны ды перапрацоўчых прадпрыемстваў – галоўныя рухавікі расейскае гаспадаркі. Нядобра пачуваецца і будаўніцтва з раздробным гандлем.

АНДРЭЙ КЛЯПАЧ, ГАЛОЎНЫ ЭКАНАМІСТ «ЗНЕШЭКАНАМБАНКУ»:«Нягледзячы на большасць зробленых у апошні час аптымістычных заяваў і павышэнне коштаў на нафту звесткі статыстыкі дэманструюць, што пералому ў эканамічнай дынаміцы пакуль не адбываецца. Эканоміка працягвае скарачацца, нягледзячы на паляпшэнне вонкавай кан’юнктуры і рост экспарту».

І сапраўды, кошт нафты за апошні год у сярэднім вырас на $ 10-12, да таго ж краіна нарасціла экспарт сыравіны больш як на 6%. Але ніводзін з гэтых фактараў не прывёў да росту расейскае гаспадаркі. Чыноўнікі ж упарта працягваюць спадзявацца на чорнае золата.

АЛЯКСЕЙ УЛЮКАЕЎ, МІНІСТР ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ:«Сёння «Брэнт» каштуе 48, «Уралс» – 46 долараў за барэль, і мы бачым, што хутчэй за ўсё гэта планка будзе пераадоленая, таму мы робім высновы, што тэмпы росту эканомікі ўзрастуць».

Магчыма, такая вера ў пазітыўную канʼюктуру на нафтавым рынку – унутраная справа кіраўніцтва краіны. Але наступствы няўдачаў расейскай эканомікі адбіваюцца і на нашых, беларускіх гаманцах.

ЛЕАНІД ФРЫДКІН, ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР «ЭКОНОМИЧЕСКОЙ ГАЗЕТЫ»:« Расея для Беларусі зʼяўляецца асноўным рынкам збыту, асноўнай крыніцаю сыравіны, асноўным інвестарам, асноўным крэдыторам і асноўным пазычальнікам. Любыя паторгванні ў Расеі становяцца сурʼёзнымі ваганнямі ў Беларусі».

Паводле Фрыдкіна, сітуацыю пагаршае і той факт, што ўрады кажуць пра, нібыта, эканамічную інтэграцыю, насамрэч жа дзеюць паводле прынцыпу «кожны сам за сябе». Між тым Сусветны банк прагназуе, што падзенне ў Расеі прадоўжыцца цягам усяго 2016-га года.Ігар Кулей, «Белсат»