Welcome ў Беларусь Дзяўчына са Шры-Ланкі ў мінулым жыцці была беларускаю


Бранавасарубі Cівабаларатнам прыехала ў Беларусь са Шры-Ланкі, каб атрымаць міжнародную медычную адукацыю. Цяпер яна праходзіць практыку ў аддзяленні нейрахірургіі ў Абласным клінічным шпіталі Віцебску.

Для спрашчэння свайго жыцця ў Беларусі яна скараціла імя аж на 8 літараў – Брана.

«З самага дзяцінства я хацела жыць у месцы, дзе шмат снегу і вельмі холадна, дзе менш сонца, чымся ў маёй краіне. Дождж – гэтаксама вельмі важны ў маім жыцці. Калі пачынае падаць дождж, я бягу ў сваёй піжаме або ў тым адзенні, якое на мне ёсць, танчу або проста шпацырую адна. Нават без плашча або парасона», – распавядае Брана.

Бацькі дзяўчыны кажуць, што яе гэтак прыцягвае Беларусь, бо яна ўжо жыла тут у мінулым жыцці.

У гэтым жа жыцці Брана пражыла ў Беларусі толькі 3 гады. За гэты час яна ніколі не выбіралася ў лес, на рэчку, не збірала ягад і грыбоў, нават у вёсцы не была.

«Гэта мая мара – пабыць у вёсцы. Застацца на некаторы час у маленькай халупе, у вельмі старой халупе, схадзіць у лес, паразмаўляць з жыхарамі вёскі ды адчуць атмасферу гэтага месца», – распавядае дзяўчына.

А вось мара беларускі Вольгі Трубач – аднавіць сядзібу сваіх дзядоў. Для гэтага яна на лета пераехала жыць у вёску. Да Вольгі і завітала госця са Шры-Ланкі.

Упершыню Брана пакаштавала калодзежнай вады, пакупалася ў рэчцы, пазбірала грыбоў ды нават патанчыла пасярод лесу ў сапраўдным беларускім нацыянальным строі.

«Я не магла падумаць, што такі дзень здарыцца ў маім жыцці! Гэты дзень неверагодны! У мяне няма словаў. Проста не ведаю, што сказаць. Зараз буду марыць, каб такое са мною здаралася хоць раз на тыдзень. Калі тут ёсць медычны ўніверсітэт, то я пераеду сюды і застануся тут пасярод лясоў. Такое жыццё – найлепшае!» – дзеліцца ўражаннямі Брана.

Мара Браны споўнілася, а споўніць мару Вольгі можа дапамагчы кожны ахвотны. Усіх, хто хоча правесці ў гэтым цудоўным месцы час і троху дапамагчы з працамі па сядзібе, Вольга запрашае да сябе ў вёску Любкі.

Якія яшчэ прыгоды напаткалі дзяўчыну са Шры-Ланкі? Глядзіце ў чарговай серыі «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Спадабалася праграма? Сачыце за намі ў Facebook, ВКонтакте, на Instagram і ў Одноклассниках.

Каментары