Дзяніс Марціновіч: Беларускі тэатр да еўрапейскага ўзроўню не дацягвае


«Птушкі» Аляксея Ляляўскага, «Гісторыі з жыцця казурак» ад Святланы Бень ды «Опіум» – першы беларускі спектакль, грошы на які збіралі гледачы: тэатральнае шаленства ў Менску скончылася, і мы падводзім вынікі фестывалю «ТэАрт» – галоўнай тэатральнай падзеі года.

Фестываль адкрыўся… казуркамі. Мурашы, матылькі ды стракозы – галоўныя героі музычнага спектаклю ў рэжысуры Дзмітрыя Багаслаўскага і Святланы Бень. На інсцэнізацыю апошнюю натхнілі вершы ейнага ўлюбёнага паэта Мікалая Алейнікава. Перапляценне голасу вакалісткі ды іранічнай анімацыі за ейнаю спінаю менская публіка ўспрыняла на ўра.

«Глядач разам з намі мяняецца, і гатовы ўспрымаць іншы тэатр, бо тэатр які ў нас ёсць і які ёсць за межамі Беларусі – гэта зусім іншыя планеты, бывае й такое», – адзначыла дырэктарка форуму «ТэАрт» Анжаліка Крашэўская.

Разынкай сёлетняй беларускай праграмы стаў спектакль «Дзяды», што паставіў польскі рэжысёр Павэл Пасіні разам з трупай Берасцейскага акадэмічнага тэатру драмы. Апроч арыгінальнага прачытання паэмы Міцкевіча п’еса цікавая і тым, што на сцэне апынаюцца не толькі акторы, але і гледачы.

Крытыкі адзначылі таксама лялечныя пастаноўкі «Фро» Руслана Кадашова і «На дне» Ігара Казакова, але, на думку Дзяніса Марціновіча, добрыя беларускія спектаклі – пакуль хутчэй выключэнне з правілаў, чым тэндэнцыя.

«Ёсць нейкая вяршыня айсберга, а астатні беларускі тэатр да еўрапейскага ўзроўню не дацягвае. Ён жыве ў нейкім сваім асяроддзі, са сваімі гледачамі, і там яму цалкам камфортна», – падкрэсліў тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.

У замежнай праграме Менск пабачыў сапраўдных зорак: літоўца Оскараса Коршунаваса з яго «Апошняй стужкай Крэпа» ды «Кінг сайз» аўстрыйца Крыстафа Марталера.

Настасся Храловіч, Марына Вашкевіч, «Белсат»