Дзень Святога Патрыка па-беларуску


Фільмы па-беларуску ў кінатэатрах не паглядзіш штодня, гэта хутчэй свята. Напрыклад, такое, як Дзень святога Патрыка. Сёння і цягам усіх выходных у кінатэатры «Масква» будуць паказваць ірландскі мультфільм «Таямніца Келза».

Светлая казка рэжысёра Тома Мура (ён жа стваральнік вядомай «Песні мора») заварожвае гледачоў усіх узростаў. Мультфільм уражвае выкшталцонай графікаю. Стужка 2009 года намінавалася на прэмію «Оскар».

А ў Беларусі яе паказваюць упершыню, распавядае кіраўнік абʼяднання «Кінаконг» Андрэй Кім:

«Я думаю, што нашае агучванне – першае прафесійнае ў СНД гэтага мульціка. Ён распавядае пра Ірландыю, пра старажытныя часы, пра стварэнне легендарнай Кнігі кельтаў. Такая цудоўная казачная гісторыя».

Сусветнае кіно на роднай мове ўжо другі год паказваюць у межах «Беларускіх ўік-эндаў», якія ладзіць праект «Кінаконг» – фактычна яны першыя і адзіныя, хто займаецца беларускім агучваннем фільмаў для кінатэатраў.

Героі «Таямніцы Келза» гавораць галасамі Ганны Хітрык, Паўла Харланчука ды іншых актораў. Працэс рыхтавання доўгі: гэта пераклад (яго зрабіла Надзея Кім), здабыванне аўтарскіх правоў, перамовы з кінатэатрамі. Першапраходцам дастаецца і крытыка наконт выбару фільмаў. Таму яны шукаюць баланс паміж класічным і новым, папулярным і добрым кіно. У найбліжэйшых планах – «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі», «Адзін удома», а надалей думаюць пра «Зорныя войны» і «Уладара пярсцёнкаў».

Партнёрамі «Беларускіх ўік-эндаў» сталі кампаніі «Атлант Тэлекам» і «Вэлком», якія, як кажа прадстаўніца брэнду «Атлант Тэлекам» Ірына Карэліна, зацікавіліся праектам: «Мы хочам зрабіць гэты праект больш маштабным. То бок з нейкага калякультурнага і местачковага зрабіць яго рэспубліканскім».

Гэта значыць, што неўзабаве кіно па-беларуску з’явіцца ў абласных цэнтрах. Але праект атрымае працяг, толькі калі беларускамоўныя паказы будуць збіраць залы. Таму знакамітае свята Ірландыі – Дзень святога Патрыка – у гэтую суботу і нядзелю раім адзначыць у фатэлі кінатэатру «Масква» а 17-й гадзіне.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык

Таксама глядзіце ў навінах культуры:

  • Зялёны фантан у Вашынгтоне – свет адзначае Дзень святога Патрыка.
  • «Смех у цемры» – у зале Мастацкага музею.
  • Перуанскія муміі склалі рукі – даўно.