Кожны з нас Дзе сацыяльная дзяржава? Тых, хто патрабуе дапамогі, ратуюць валанцёры


У Смалявічах дзейнічае арганізацыя, дзякуючы якой алкаголікі ды наркаспажыўцы бавяць вольны час, робячы на продаж дзіцячыя цацкі, а не змагаючыся са спакусаю вярнуцца да шкоднай звычкі. Усе ўдзельнікі майстэрні, у тым ліку яе кіраўнік, – былыя залежныя людзі. За прададзеныя цацкі яны атрымліваюць грошы.

Пошукавы атрад «Анёл» за сваю дапамогу грошай не бярэ, таму сродкі – вечная праблема, бо трэба набываць дарагое абсталяванне. Камандзір атраду Сяргей Коўтун цешыцца, нават калі на 100 дасланых на прадпрыемствы і ў фірмы лістоў атрымае 4 адказы. Чаму такія праекты не падтрымлівае дзяржава? На пытанне ў студыі «Кожны з нас» адкажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў, вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва» Мікалай Улаховіч.

Яшчэ адна праблема: бесхацінцы. Вядома, для шмат каго з іх гэта – стыль жыцця, які яны не хочуць змяняць. Але ёсць і такія, для каго займець дах над галавою – мара. Вадзіма Цяраева ў Берасці падкормліваюць жыхары шматпавярховіка, побач з якім ён спіць на вуліцы апошнія 10 гадоў. Ягоны «стаж» пад адкрытым небам – амаль удвая большы. На двары ён не стварае праблемаў і нават штодня засцілае свой «ложак». Неабыякавыя берасцейцы нават званілі на тэлефонную лінію са старшынём аблвыканкама Анатолем Лісам. Але ў яго да вырашэння праблемы рукі гэтак і не дайшлі. Новы дом Вадзіму знайшлі аўтары праграмы «Кожны з нас» – падчас эфіру праграмы.

Чаму сацыяльная дзяржава не спраўляецца з праблемамі і вырашаць іх мусяць валанцёры? Адказаў у студыі разам з Сяргеем Коўтунам ды Мікалаем Улаховічам шукаюць блогер Антон Матолька, старшыня грамадскага абʼяднання «Здаровы выбар» Уладзіслаў Каўроў, каардынатар сацыяльнай майстэрні Віталь Зубок ды іншыя. Глядзіце відэа!

Каментары