Свет Доналд Трамп патлумачыў свае словы аб праблемах Швецыі


У медыях не сціхаюць жарсці вакол прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. За выходныя палітык адзначыўся двума чарговымі скандальнымі заявамі, на якія негатыўна адрэагавалі нават паплечнікі Трампа па партыі, а адная скандынаўская краіна і ўвогуле чакае на прабачэнні.

Прэс-служба Белага Дома патлумачыла нядаўнюю заяву Доналда Трампа пра нібыта інцыдэнт у Швецыі, звязаны з тэрарызмам. Крыніцай інфармацыі для прэзідэнта маўляў паслужыў дакументальны фільм тэлеканала «Fox News», аўтары якога звязалі рост злачыннасці ў краіне з наплывам нелегалаў. Днём раней, падчас выступу перад сваймі прыхільнікамі ў Флорыдзе, амерыканскі лідар спрабаваў бараніць антыімігранцкі закон наступным чынам:

«Мы павінны захаваць нашую краіну ў бяспецы. Паглядзіце, што адбываецца ў Нямеччыне. Паглядзіце, што адбылося мінулай ноччу ў Швецыі. Швецыі, хто б мог у гэта паверыць? Швецыя! Яны прымалі іх вельмі шмат. У іх узнікаюць праблемы, якія лічыліся немагчымымі. Паглядзіце на Брусель, на Ніцу, на Парыж», – сказаў Трамп.

МЗС Швецыі звярнуўся ў амбасаду ЗША па тлумачэнні. А грамадзяне краіны, прынялі заяву амерыканскага лідара з усмешкай. Інтэрнэт-карыстальнікі выкладаюць фотаздымкі, якія нібыта тлумачаць, – што мог мець на ўвазе Доналд Трамп? Сярод іх – фота масавага перасячэння мяжы нелегаламі, жахлівы адчай над шафай з Ікеі, ды нават партрэт падазраванага ў гэтак званым інцыдэнце.

Але сапраўдны шквал крытыкі на выходных выклікала іншая выказванне прэзідэнта ў Тўітэры.

«Фэйкавыя навіны ў медыях «New York Times», «NBC», «ABC News», «CBS», «CNN», гэта не мае ворагі, гэта ворагі Амерыканскага народу!», – напісаў ён.

Доналд Трамп ужо традыцыйна называе крытыку прэсы ў ягоны бок фэйкавымі навінамі, а самыя медыі называе апазіцыйнай партыяй. Аўстралійскі прэмʼер Мэлкам Тэрнбул днямі нават скардзіўся, што амерыканскі лідар у размове з ім высмейваў працу журналістаў ды тым самым марнаваў час адведзены на размову. Аднапартыйцы Доналда Трампа ў сваёй крытыцы ідуць яшчэ далей:

«Я ненавіджу прэсу, а вас ненавіджу асабліва. Але істотны факт у тым, што вы нам патрэбныя. Нам патрэбная свабодная прэса. Калі вы хочаце захаваць дэмакратыю, вам патрэбныя свабодныя ды канкурэнцыйныя медыі. А без яе, я баюся, цягам часу мы згубім так шмат нашых асабістых свабодаў. Менавіта так пачынаюць дыктатары», – сказаў сенатар Джон Маккейн.

Ужо на пятым тыдні свайго прэзідэнцтва Доналд Трамп застаўся з рэкордна нізкім падтрыманнем выбарцаў. Больш за 56 адсоткаў амерыканцаў не пагаджаюцца з палітыкай свайго лідара. З першага дня, калі палітык заняў Авальны кабінет, па ўсёй краіне, амаль кожны дзень праходзяць дэманстрацыі. Большасць з іх


датычыць адмены антыімігранцкага загаду Доналда Трампа.

belsat.eu

Каментары