Давос-2017: Пра Трампа, але без Трампа


А таксама без Пуціна, Мэркель і Оўбамы. Цэнтральнае пытанне сёлетняга форуму ў Давосе – будучыня сусветнай эканомікі ў часы перамогаў папулістаў.

«Няма простых адказаў на праблемы сусветнага маштабу. Папулісцкія абяцанні гучаць прывабна, ды эфектна, але ў выніку застануцца абяцаннямі», – заявіў перад адкрыццём Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе ягоны бяззменны старшыня Клаўс Шваб.

І задумаўся пра тое, хто стане лідарам у свеце, дзе перамагаюць папулісты.

«Мы бачым, што свет рухаецца – мы рухаемся ад аднабаковага, да шматграннага свету. Мы можам спадзявацца, што Кітай – вось хто возьме адказнасць за лідарства ў гэтым новым свеце, – заявіў Клаўс Шваб. – Так, што даволі сімвалічна, што мы сёння прымаем кітайскага прэзідэнта, які ўдзельнічае ўва ўсёй павестцы форуму».

На Сі Цзінь Піна на сёлетнім спатканні шмат хто ўскладае вялікія спадзяванні на гэтай сустрэчы.

Ужо другі год запар не можа знайсці час на давоскі форум Ангела Меркель, не спяшаюцца ў Швейцарыю і лідары Францыі, ды Італіі. Барак Оўбама на днях пакіне сваю пасаду, а ў Доналда Трампа на апошні дзень сустрэчы – 20 студзеня – запланаваная інаўгурацыя. Крэмль будзе прадстаўлены толькі на ўзроўні віце-прэм’ера. Чакаецца, што кітайскі лідар будзе граць у Давосе першую скрыпку.

«Мы ўпершыню маем прэзідэнта КНР на Сусветным эканамічным форуме і гэта адбываецца ў час, калі ЗША і шмат якія іншая краіны засяроджваюць увагу на ўнутраных праблемах. Мы разумеем моцны сігнал кітайскага лідара, пра гатовасць абмеркаваць сусветную эканоміку і неабходнасць глабалізацыі эканомікі», – кажа былы міністр эканомікі і тэхналогіяў Нямеччыны Філіп Рэслер.

Тым часам будучы амерыканскі лідар, хаця і не прысутнічае на форуме, выступае супраць сучасных праектаў глабалізацыі. Ён абяцае перанесці амерыканскую вытворчасць у ЗША, хаця сам і мае прадпрыемствы ў Кітаі і Тайвані. Таксама Трамп выказаў сваё падтрыманне выйсцю Вялікай Брытаніі з Еўразвязу і антыглабалізацыйным працэсам у свеце.

«Ой, адкрытыя межы! Адкрытыя межы – гэта добра, але перадусім дрэнна для бяспекі, хаця для гандлю няблага. Праблема ў тым, што ўсе карыстаюцца Злучанымі Штатамі, – заяўляе Доналд Трамп. – У нас сотні мільярдаў гандлёвага дэфіцыту з Кітаем. У нас 805 мільярдаў гандлёвага дэфіцыту з усім светам! Хто ўвогуле робіць такі бізнес?».

У Давосе прызнаюць, што хаця Трампа на форуме не будзе, пытанне пра тое, як ягонае лідарства зменіць эканамічную сітуацыю ў свеце, прагучыць не аднойчы.

Аналітыкі Трампа перастаюць баяцца і ацэньваюць ягоны ўнёсак у сусветную гаспадарку як пазітыўны.

«Мы бачым істотны адсоткавы рост упэўненасці. Так 38% гендырэктараў кампаніяў вераць у магчымасць павышэння прыбыткаў – гэта трохі больш, чымся летась. Да таго ж мы бачым агульны трэнд на ўпэўненасць у далёкатэрміновых інвестыцыях«, – кажа старшыня кансалтынгавай карпарацыі «PricewaterhouseCoopers» Робэрт Морыц.

Як падкрэсліў старшыня найбуйнейшай кансалтынгавай фірмы ў свеце, прычына ўпэўненасці, як ні парадаксальна, – у палітыках-папулістах, кшталту Трампа.

Яны могуць абрынуць рынкі на кароткі тэрмін, сваймі шакуючым абяцаннямі, але няздольнасць іх выканаць, толькі ўзмацняе агульную эканамічную стабільнасць.

Усевалад Шлыкаў