Дашкевіч: Магчыма, улады будуць шукаць іншага забудоўшчыка – спынім і яго


Лідар «Маладога фронту» распавёў пра вынікі сустрэчы з забудоўшчыкамі, якія збіраліся ўзводзіць бізнес-цэнтр у Курапатах.

У гэтай бітве – перамога. Пасля шматдзённага пратэсту актывістаў забудоўнік пачаў вывозіць тэхніку з будоўлі ля Курапатаў. Кампанія паабяцала, што не будзе ўзводзіць бізнес-цэнтр ля месца масавых пахаванняў. Пра гэта пасля сустрэчы з кіраўнікамі будоўлі Ігарам Анішчанкам і Сяргеем Несцеравым, распавёў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Сыход будаўнікоў актывіст фіксаваў на відэа-камеру. Вывозіць тэхніку і матэрыялы будуць і заўтра, у панядзелак жа абяцаюць прыбраць і плот. А «Зелянбуд» адновіць пляцоўку. Актывісты шкадуюць, што бізнесоўцам спатрэбілася так шмат часу, каб прыйсці да гэтага рашэння, але кажуць, што так ці інакш – гэта перамога. У «Гарачым каментары» – Зміцер Дашкевіч.

«Мажліва, гарадскія ўлады будуць шукаць іншага забудоўшчыка – ну тады мы будзем спыняць і іншага. Калі ж гэты вывозіць сваю маёмасць, раўняе ўсю глебу, мы варту здымаем і проста потым будзем сачыць за гэтай тэрыторыяй. У нас ужо вельмі трывалыя сувязі з мясцовымі жыхарамі, мы там будзем часцей з імі каардынавацца, будзем самі часцей наведвацца, каб за гэтым сачыць. Ну і спадзяемся сапраўды, што ўлады гарадскія і дзяржавы адумаюцца і ўрэшце рэшт і паставяць кропку вакол курапацкай тэмы, вакол ахоўнай зоны Курапаты – тое, што яны яшчэ мусілі зрабіць пасля нашай абароны Курапатаў у 2001 годзе», – адзначыў Зміцер Дашкевіч.

Чытайце таксама: