Свет Данбас: інтэнсіўнасць абстрэлаў зніжаецца, але аб рэжыме «поўнае цішыні» яшчэ рана казаць


Рэжым замірэння і адвод цяжкага ўзбраення на Данбасе, які павінен быў распачацца ўчора, хіба што не пачнецца і сёння.

Ва ўкраінскім штабе антытэрарыстычнай аперацыі адзначаюць, што пачатак замірэння на Данбасе адзначыўся агульным зніжэннем напружанасці на ўсёй лініі сутыкнення. Тым не менш, у Кіеве кажуць, што сепаратысты, цягам апошняга дня, так і не спынілі выкарыстанне цяжкага ўзбраення

«Агулам, на Данецкім кірунку адбылося 32 варожых абстрэлы, з чаго 11 з цяжкага ўзбраення. На марыупальскім кірунку адбыўся магутны мінамётны абстрэл, на гэтых жа рубяжах вораг выкарыстоўваў агонь баявых машынаў пяхоты», – сказаў прэс-сакратар па справах АТА Аляксандр Матузянык.

Усяго ў штабе АТА налічылі 74 абстрэлы за апошнія содні, у выніку якіх два жаўнеры былі параненыя, а 7 атрымалі траўмы. А вось у самаабвешчанай ДНР, прынамсі яшчэ ўчора, казалі пра значнае паляпшэнне сітуацыі

«На дадзены момант украінскі бок выконвае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы, парушэнняў на дадзены момант мы не адзначаем, можна сказаць што ад поўначы не было ніякіх абстрэлаў», – сказаў міністр абароны ДНР Эдуард Басурын.

Інфармацыя з Кіева пра начныя абстрэлы з боку сепаратыстаў ставіць пад пытанне ранейшы план па адводзе цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкненняў. Дамова прадугледжвала, што дээскалацыя пачнецца толькі пасля таго, як абстрэлы будуць спыненыя прынамсі на 24 гадзіны. Але жыхары прыфрантавых гарадоў надалей спадзяюцца, што абвастрэнне сітуацыі, якое пачалося напрыканцы студзеня скончыцца.

«Было ціха ў начы. Недзе далёка-далёка было ледзь чутно нейкія лёгкія стрэлы. У мяне сабака, і калі ён просіцца, мы заўсёды ідзем на двор. Так што я выходзіла ўвечары і было абсалютна ціха», – кажа жыхарка Аўдзееўкі Наталля Карабазава.

18 лютага ў рамах трохбаковае кантактавай групы па ўрэгуляванню сітуацыі на ўсходзе Украіны, была дасягнутая дамова аб замірэнні. Наступнага дня рашэнне было падтрыманае міністрамі замежных справаў Украіны, Францыі, Нямеччыны ды Расеі.

«Мы павінны падумаць, чаму менскія пагадненні не спрацавалі. Пакуль што, абяцаны мір вельмі далёкі ад рэчаіснасці. І нават часовыя спыненні агню не дазваляюць людзям вярнуцца да нармальнага жыцця», – кажа чалец Еўрапарламенту Рэбэка Гармс.

Не дапамагаюць мірнаму працэсу і некаторыя рашэнні крамлёўскіх палітыкаў. Так урады Нямеччыны ды Францыі асудзілі нядаўняе рашэнне Уладзіміра Пуціна прызнаць пашпарты ды іншыя дакументы, выдадзеныя на тэрыторыі непрызнаных ДНР ды ЛНР. У заяве заходнееўрапейскіх палітыкаў гаворыцца, што такое рашэнне ідзе насуперак Менскаму працэсу.

belsat.eu

Тэгі: , ,
Каментары