Свет CNN: Расея можа шантажаваць Трампа


Доналд Трамп браў удзел у сексуальнай оргіі ў маскоўскім гатэлі ды праз прадстаўнікоў свайго штабу сустракаўся з расейцамі ў часе выбарчай кампаніі. Паводле тэлеканалу CNN, менавіта гэткім кампраматам валодае Крэмль, а таму мае магчымасць шантажаваць новаабранага прэзідэнта ЗША.

Нягледзячы на тое, што каманда Доналда Трампа працягвае гаварыць пра патрэбу ў наладжванні дыялогу з Расеяй, нагодаў менавіта для пагаршэння стасункаў з Крамлём у новых амерыканскіх уладаў ад гэткіх словаў аніяк не менее.

«Мы маем доказы хакерскіх атакаў, скіраваных на нашыя дзяржаўныя інстытуцыі на ўзроўні штатаў і нават Рэспубліканскай партыі ЗША, – кажа дырэктар ФБР Джэймз Камі. – Што праўда, зламыснікі скралі састарэлыя звесткі ды не апублікоўвалі іх».

Пасля абвінавачання Расеі ў спробе паўплываць на выбары ў ЗША з дапамогаю кібератакаў ды падрыхтоўкі ў адказ законапраекту сенатарамі ЗША абедзвюх партыяў аб новых санкцыях супраць РФ, выбухнуў чарговы скандал. Паводле амерыканскай выведкі, спецслужбы Пуціна валодаюць кампраматам адносна фінансаў і асабістага жыцця Доналда Трампа.

Новаабраны прэзідэнт ЗША гэткую магчымасць, аднак, зняпраўдзіў і назваў яе фэйкам ды «палітычным паляваннем на вядзьмарак». Тым часам з крытыкаю ў бок Расеі выступіў нават Рэкс Тылэрсан (Rex Tillerson), намінаваны Трампам на пасаду Дзяржсакратара Злучаных Штатаў Амерыкі і якога за ягоныя шматгадовыя шчыльныя кантакты з кіраўніцтвам Расеі называюць не інакш як «сябрам Пуціна».

«Расея сёння ўяўляе небяспеку, што вельмі прадказальна пры адстойванні сваіх інтарэсаў. Яна ўварвалася ва Украіну, далучыла Крым і падтрымала сірыйскія сілы, якія брутальна парушаюць законы вайны, – заявіў Тылерсан. – Нашыя хаўруснікі з НАТО маюць права быць занепакоеныя гэткім адраджэннем Расеі».

Не скідваюць абаротаў у Штатах і ўнутрыпалітычныя скандалы. Яшчэ адзін кандыдат ад Трампа на пасаду Генпракурора ЗША сенатар Джэф Сэшнз быў вымушаны зняпраўджваць абвінавачанні ў расізме ды сімпатыях да Ку-клукс-клану.

«Я адчуваю агіду як да самога Клану, таго, што ён з сябе ўяўляе, гэтак і да яго ідэалогіі нянавісці. І дзякуючы, у тым ліку, і маім высілкам, была знішчаная арганізацыя Ку-клукс-клану прынамсі ў Алабаме», – заявіў кандыдат на генпракурора ЗША Джэф Сэшнз.

Тым часам вострую крытыку дэмакратамі ды абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства выклікала і яшчэ адное кадравае прызначэнне Трампа. Пасаду старэйшага дарадцы прэзідэнта ЗША заняў ягоны зяць Джэрэд Кушнер. Паводле крытыкаў, гэта відавочнае службовае кумаўство, забароненае ў краіне.

Юрысты ж Трампа цвердзяць, што Кушнер выканаў усе законныя патрабаванні і можа заняць дзяржаўную пасаду.

Валер Руселік

Каментары