Свет Чэхія яшчэ шырэй адчыняе дзверы для ўкраінскіх мігрантаў


Чэшскі ўрад пастанавіў падвоіць квоту для ўкраінскіх працаўнікоў. Згодна з новым рашэннем, прыблізна 7 600 украінцаў штогод змогуць прыехаць у краіну ды ўладкавацца на працу.

Гэта ўдвая больш, чымся было дазволена дасюль, паведамляе Міністэрства замежных справаў Чэхіі.

«Чэхія, імаверна, мае самы нізкі ўзровень беспрацоўя ў Еўропе, і гэта, на жаль, дае іншы эфект – нястачу працоўнай сілы. Менавіта таму мы пашырылі гэтую праграму. Супольна з міністэрствамі працы ды эканомікі мы стварылі сістэму, якая шукае працоўную сілу, патрэбную чэшскім працадаўцам», – кажа міністр замежных справаў Чэхіі Любамір Зааралек.

І хоць беспрацоўе ў Чэхіі з насельніцтвам 10,5 мільёнаў чалавек вырасла ў студзені на 0,1 % – да 5,3 % – у параўнанні са снежнем мінулага года, колькасць вакантных працоўных месцаў за гэты перыяд павялічылася да 136 тысячаў.

«Мы пабудавалі новы завод, але ён па-ранейшаму не працуе, бо ў нас няма людзей для гэтага. Нам патрэбныя прыблізна 150 чалавек, каб толькі распачаць вытворчасць», – распавядае генеральны дырэктар кампаніі «Linet» Збынек Фролік.

Аплата працы ў Чэхіі меншая, чым у суседняй Нямеччыне, куды чэхі масава зʼязджаюць на заробкі. У трэцім квартале мінулага года сярэдні заробак у Чэшскай Рэспубліцы складаў прыблізна 27 тыс. кронаў, альбо крыху меней за $ 1100. Чэшскія прафесійныя звязы ў сваю чаргу патрабуюць больш высокіх заробкаў для айчынных працаўнікоў ды выступаюць супраць прыцягнення ў краіну вялікай колькасці замежнікаў.

Вось як сітуацыю каментуе Віктар Райчынэц, старшыня Ініцыятывы ў павелічэнні квотаў:

«Я разумею пазіцыю прафсаюзаў, якія даводзяць, што працадаўцы мусяць уладкоўваць мясцовае насельніцтва. Але застаюцца пытанні, бо яны таксама кансультуюцца з працадаўцамі, якія бяруць на сябе ўсе рызыкі».

Працоўная плынь украінцаў у Чэхію тлумачыцца не толькі геаграфічнаю блізкасцю Украіны і Чэхіі ды падабенствам культурніцкіх традыцыяў. За апошнія два з паловаю гады эканоміка Украіны моцна пацярпела праз вайну на Данбасе, а таксама праз карупцыю, нізкія заробкі ды адсутнасць у краіне годнае працы.

«Калі ў немцаў былі праблемы з працоўнаю сілаю, яны звярнуліся да Турцыі ды атрымалі ў выніку 4-5 мільёнаў туркаў. Мы развязалі гэтую праблему ў Чэхіі ў 2003-2007 гадах дзякуючы паступоваму прыцягненню ўкраінскіх работнікаў. Яны добра пачуваюцца тут, бо вывучылі чэшскую мову цягам трох месяцаў, былі вельмі працаздольныя ды ўдзячныя за тое, што яны тут», – адзначае Збынек Фролік.

Недахоп працоўнай сілы зазнае не толькі Чэхія, але і суседняя Польшча. Гэтак, летась урад суседняй дзяржавы выдаў украінскім грамадзянам прыблізна 700 тысячаў працоўных візаў. Гэта на палову больш, чым у 2015 годзе.

Глядзіце таксама:

Віталь Бабін, belsat.eu

Тэгі: 
Каментары