Улетку журналісты праграмы «Маю права» назіралі за судовым працэсам Аксаны Лабёнак і забудоўніка «Прыгарадбудінвест». Шмат гадоў жанчына збірала грошы на кватэру і нарэшце атрымала ключы ад уласнага жытла. Аднак радасць была нядоўгаю. Кватэра не супадае з праектам, які першапачаткова прапаноўваў «Прыгарадбудінвест» – кепская гукаізаляцыя, нізкія столі, таўшчыня сцяжкі падлогі не адпавядае нарматыву, ёсць іншыя хібы. Дом здалі чатыры гады таму, і ўвесь гэты час цягнуцца спрэчкі ды судовыя паседжанні з забудоўнікам. На адным з апошніх паседжанняў жанчыне зрабілася блага, і яе на хуткай завезлі ў лякарню. Паводле дыягназу лекараў у нашай гераіні перабоі ў рытме сэрца, знясіленне нервовае сістэмы ды панічны страх.
Спадарыня Алена Церашкова – шматдзетная маці з Менску. Знаходзячыся ў адпачынку для догляду чацвертага дзіцяці, нашая гераіня жадала падпрацаваць, бо дзяржаўная дапамога для догляду за дзіцём да трох гадоў адносна невялікая, менш за 300 рублёў. Кабета падпісала дамовы падраду з «Нашаю Нівай» і стварала артыкулы для рубрыкі «Здароўе». За два месяцы супрацы з выданнем спадарыня Алена зарабіла каля двух з паловаю мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Праз некаторы час яна даведалася, што да яе маюць пытанні ў бухгалтэрыі Фонду сацыяльнае абароны: паводле закону спадарыня Церашкова мусіць вярнуць дзяржаве пяцьдзясят адсоткаў «дзіцячае дапамогі» за той час, калі падпрацоўвала ў рэдакцыі. Атрымліваецца, што за два месяцы жанчына мае атрымаць толькі дваццаць сем капеек.
Паводле закону «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, што выхоўваюць дзяцей», калі асоба, якая даглядае дзіця, жадае падпрацоўваць, памер дапамогі скарачаецца на 50 адсоткаў. Мы пацікавіліся ў грамадзянаў на вуліцах Менску: ці штомесячную дапамогу на дзіця трэба змяншаць, калі маці мае намер дадаткова падзарабіць?
Сёлетнім жніўнем медыяпрастору ўскалыхнула гісторыя пра тое, як у кватэру менчука Дзмітрыя Серады ўварваліся міліцыянты. Каб трапіць у памяшканне, яны выламалі дзверы і разбілі аконныя шыбы, не зважаючы на тое, што там знаходзіліся малое дзіця і цяжарная жонка нашага героя. Амапаўцы збілі гаспадара кватэры, завезлі яго ў адзін са сталічных РУУС, а пасля – у Следчы камітэт на апазнанне. Там пацярпелая жанчына не змагла распазнаць у Дзмітрыі злачынца. Але, нягледзячы на гэта, яго яшчэ на ноч пакінулі пад вартаю. Праз гэты выпадак у праваахоўных органах цяпер адбываецца службовая праверка. Але ці мянчук дачакаецца прабачэння за збіццё, а таксама за псіхалагічную траўму дачкі ды цяжарнае жонкі?
Рэчку Гавязнянку знішчылі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя праз бяздумную меліярацыю. Тады ніхто не думаў, што наступствы будуць спусташальнымі. Рэчку выраўнавалі, балота знішчылі, загубілі дзясяткі крыніцаў. Толькі праз паўстагоддзя Гавязнянка патроху пачала ачуньваць: завяліся бабры, пачалося забалочванне, з’явілася рыба, аднавіліся сенакосы – на радасць жыхарам, але не чыноўнікам. Тыя намерыліся вярнуць свае каналы ды распачалі меліярацыю наноў. Аднак цяпер іншыя часы, і мясцовыя жыхары маюць змагацца за наваколле. Яны скіравалі калектыўны зварот да выканаўчых уладаў, у пракуратуру ды Менскмеліярацыю з пратэстам і нязгодаю на аднаўленне меліярацыйных працаў.