Чарговыя арышты ў Лондане


Новыя арышты у справе тэракту ў Лондане. Паліцыя паведаміла пра два чарговыя затрыманні, якія могуць аказацца ключавымі ў раследванні. У той жа час спіс загінулых ад дзеянняў замахоўца павялічыліся. Уначы памерла яшчэ адна асоба. Колькасць смяротных ахвяраў цяпер дасягнула пяці. 

Лондан намагаецца вярнуцца да нармальнага жыцця. На вуліцах усцяж узмоцненыя захады бяспекі, але значная частка лонданцаў цвердзіць, што тэракт не зменіць іхнага штодзённасці. Горад усцяж наведваюць турысты.

Гаворыць Бэйлі, жыхар Лондану:

«Мы паводзімся як звычайна. Мы не дазволім перамагчы нас. Я спадзяюся, што параненыя хутка паправяцца». 

Дадае Міколь, італьянская турыстка:

«Мы ведаем, што тут можа быць небяспечна. Але мы не будзем змяняць нашых планаў. Нас не затрымае тэрор. Мы мусім жыць сваім жыццём».

А паліцыя ўсцяж высвятляе новыя падрабязнасці трагедыі ў самым цэнтры Лондану. Учора праваахоўнікі агучылі прозвішча замахоўца. Ім апынуўся грамадзЯнін Вялікай Брытаніі, нарадзінец павету Кент пяцІдзесяцідвохгадовы Халід Масуўд. Як стала вядома, забойца быў даўно вядомы паліцыі. На ягоным рахунку некалькі выракаў за напады і целавыя пашкоджанні. Тэрарыст дзеяў пад некалькімі прозвішчамі. Аднак для некаторых, хто ведаў Масуўда апошнім часам, ягоныя дзеянні сталіся нечаканасцю.

Распавядае Кейці Гарыкес, былая суседка нападніка:

«Я ганаруся тым, што жыву ў шматкультурніцкім асяроддзі. Мне шкада, што я не ведала пра яго больш. Я б магла паінфармаваць адпаведныя органы і выканаць свой грамадзянскі абавязак».

У той жа час у Вялікай Брытаніі працягваюцца затрыманні асобаў, якія могуць быць звязаныя з тэрактам. Паліцыя паведаміла пра чарговыя два важныя арышты. Праваахоўнікі цвердзіць, што замаховец быў натхнёны міжнародным тэрарызмам. Агулам у межах расследавання затрыманыя дзесяць асобаў.

Кажа Марк Роўлі, прадстаўнік Скотлэнд-Ярду:

«Дзевяць асобаў утрымліваюцца пад арыштам. Адную жанчыну вызвалілі пад заклад. Мы правялі шаснаццаць ператрусаў. Сканфіскаваныя больш за дзве з паловаю тысячы прадметаў, а таксама вялікая колькасць кампʼютарных звестак».

Сёння вядома, што ахвяраў магло б быць нашмат болей, калі б не зладжаныя дзеянні лонданскай паліцыі.

Джонатан Ўуд, эксперт у пытаннях бяспекі:

«Адная рэч – гэта новыя сцэнары тэрарыстаў, другая – адказ паліцыі. У гэтым выпадку ён быў вельмі хуткі. Паліцыя Вялікай Брытаніі добра падрыхтавалася да такіх сітуацыяў». 

Колькасць смяротных ахвяраў нападу на Ўэстмінстэрскім мосце і каля будынку парламенту павялічылася. Уначы стала вядома пра смерць сямІдзесяціпяцІгадовага мужчыны. Некалькі асобаў па-ранейшаму ў крытычным стане. У Лондане на Трафальгарскай плошчы ўшанавалі памяць забітых. На жалобную акцыю прыйшлі тысячы жыхароў гораду. Сярод іх і прадстаўнікі мусульманскае супольнасці.

Мудабір Халід, прадстаўнік мусульманскай супольнасці:

«Мне вельмі сумна. Я не хачу, каб нашае грамадства падзялілася. Нашая мусульманская супольнасць рашуча асуджае такія дзеянні. Мы хочам, каб людзі ведалі, што іслам – гэта мір».

Уся Еўропа выказвае салідарнасць з жыхарамі Вялікай Брытаніі. У сталіцах ладзяцца адмысловыя акцыі. У Лондан працягваюць ісці спачуванні.

Антонью Гутэрыш, генеральны сакратар ААН:

«Я хачу выказаць спачуванні ўсяму народу Вялікай Брытаніі. Нашыя думку з тымі, хто пацярпеў ад тэрарызму ўва ўсім свеце. Мы думаем пра забітых ды іхныя семʼі».

Адначасова ў Еўропе ўзмацняюцца і захады бяспекі. Напярэдадні стала вядома пра перадухіленне імавернага тэракту ў Бельгіі. Паліцыя затрымала асобу, якая спрабавала ўехаць у натоўп людзей у Антвэрпэне.

У сераду ў Лондане людзі загінулі пад коламі аўта тэрарыста на Ўэстмінстэрскім мосце. Адзін паліцыянт загінуў каля будынку парламенту. Адказнасць за тэракт узялА на сябе арганізацыя «Ісламская дзяржава».

Ян Бабіцкі, belsat.eu