Праграма «Вяскоўцы» зноў правярала, як жывуць нашыя суседзі. Гэтым разам вядоўца Віктар Шукеловіч наведаў літоўскую вёску Вайвадзішкі (Vaivadiškės). Тут прадстаўнікі ўжо чацвёртага пакалення сям’і Рынкевіч займаюцца даўнім промыслам – вырабляюць з сушаных кветак і зёлак традыцыйныя віленскія вербы, якія называюць яшчэ «пальмамі».
І хоць на дварэ стаіць восень і да Вербнай нядзелі яшчэ далёка, працы ідуць поўным ходам, бо нарыхтаваць усё трэба заранёў. Віктар Шукеловіч далучыўся да працэсу: жаў зёлкі сярпом, фарбаваў іх і развешваў да сушкі, а пазней сам паспрабаваў скруціць «пальму».
Віктар даведаўся, як у савецкія часы ўлады скіроўвалі войскі на разгон дзяцей і старэнькіх людзей, якія прадавалі вербы пад касцёлам.
Спадарыня Станіслава Рынкевіч узгадала таксама свайго дзядзьку, віленчука, які вельмі любіў размаўляць па-беларуску.