Еўразвяз за крок ад развалу – такое ўражанне можа зʼявіцца пасля прагляду расейскіх дзяржаўных каналаў. Сапраўды, выклікаў перад Бруселем багата: няспынныя хвалі ўцекачоў ды рост уплыву гэтак званых еўраскептыкаў – толькі некаторыя з іх. Ці Еўропа застанецца абʼяднанай, разважае Усевалад Шлыкаў.Пра крызіс у Еўрапейскім Звязе дыскутуе госць праграмы сацыёлаг Аляксей Лявончык.
Радыкальная змена ў дачыненнях Ірану і Захаду. Тэгеран святкуе адмену жорсткіх гаспадарчых санкцыяў, уведзеных 10 гадоў таму. Прэзідэнт краіны кажа, што гэта ў інтарэсах усіх. Выйграла дыпламатыя, але кошты на нафту абваліліся да менш як $ 28 за барэль. Тым часам Вашынгтон уводзіць супраць Тэгерану новыя санкцыі. Пра новы крохкі мір – Ганна Любакова.
У студыі – польскія падарожнікі Пётр і Эва Карвэцкія, якія на джыпе абʼехалі паўсвету.
Для Пакістану мінулая серада стала чорным днём. У горадзе Чарсада тэрарысты з аўтаматамі атакавалі Універсітэт імя Бача Хана і забілі мноства людзей. На наступны дзень пасля нападу ў сталіцы адбылася маштабная акцыя пратэсту пад лозунгамі «Стоп тэрарызму» і «У тэрарызмe няма рэлігіі». Аднак вядома, што нападнікі былі з ісламісцкага руху «Талібан». Гэтая саманазва азначае вучняў медрэсэ – рэлігійных школаў. Сюжэт Яраслава Сцешыка.