Людскія справы Чаго чакаюць ад выбараў кандыдаты «ад народу»


Быў простым працоўным, а стаў дэпутатам.

Вальшчык лесу з Кабакоў, што на Берасцейшчыне, сябра партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Валер Білібуха, вылучыў сваю кандыдатуру на ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 2018 году. Сваё імкненне заняцца палітыкай ён тлумачыць пэўнымі фактамі з жыцця:

«Я, канечне, хачу жыць у такой Беларусі, якую па тэлебачанні паказваюць. Але па факце: дзе тыя пяцьсот, тысячу долараў? На паперы толькі. Чыноўнікі – канечне атрымліваюць – нават паводле статыстыкі вядома: зараз ім дадалі 37% да акладу, то якая сума атрымоўваецца? Міліцыянтам таксама зараз 40% дадалі. І вось яны ядуць мяса, а калгаснікі ядуць капусту – а разам мы ямо галубцы», – абураецца спадар Валер.

Валер Білібуха, дзейсны дэпутат у Бярозаўскім раёне

Мужчына ўжо адпрацаваў адзін тэрмін дэпутатам сельскага савету і хоча працягнуць дэпутацтва, каб дапамагаць жыхарам роднай вёскі Кабакі і суседніх паселішчаў вырашаць надзённыя патрэбы вяскоўцаў, а таксама разам з месцічамі рухаць змены да лепшага ва ўсёй краіне. Чальцы ініцыятыўнай групы сцвярджаюць, што кандыдат на новы дэпутацкі тэрмін мае ўсеагульную падтрымку сваіх выбарнікаў:

«Калі ён вылучаўся яшчэ першы раз, то я сам збіраў подпісы. І зрабіць гэта было вельмі лёгка: 20 подпісаў я збіраў за паўгадзіны».

«У нас тут аграгарадок – і ён увесь за Валера. Як ён ня быў дэпутатам – увогуле нічога не рабілася. Як стаў – хоць нешта пачало рухацца: дарогі падсыпацца – хоць нешта сталі рабіць для людзей».

Галоўнае не перамога, а ўдзел

Яшчэ адзін герой праграмы – будаўнік, фермер, актывіст таварыства ўласнікаў з Бярозы Аляксандр Кабанаў. Ён вылучыў сваю кандыдатуру на ўдзел у выбарах мясцовых саветаў трэці раз. Заняцца палітыкай чалавека працы змусіла бесперспектыўнасць гаспадарання на зямлі і ўласным падворку:

«Было модным з’язджаць з гораду і займацца чымсьці ў вёсцы. Сюды прыязджалі людзі, якія мелі неблагі даход у горадзе, каб укладваць яго тут у гаспадарку на ўласным падворку. Трое такіх чалавек было ў вёсцы, хто заняўся гаспадаркай, і ўсе яны закончылі гэтак жа, як і я – банкруцтвам», – распавядае фермер.

Аляксандр Кабанаў у выніку стаў мясцовым лідарам рэгіянальнай структуры Аб’яднанай грамадзянскай партыі на Берасцейшчыне, актыўна ўдзельнічаў у веснавых акцыях пратэстаў «недармаедаў» і з гэтай прычыны ўпэўнены, што Берасцейская вертыкаль чарговы раз не дапусціць ягонага дэпутацтва. Аднак мужчына намераны выкарыстаць выбарчую кампанію ў якасці адкрытай магчымасці весці асветніцкую працу сярод насельніцтва.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы», якое прысвечанае тэме выбараў, глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.

«Людскія справы» на «Белсаце». Для нас няма чужых праблемаў!

Глядзі таксама
Каментары