Былы палітвязень Бандарэнка: Лукашэнка пакуль пэўную мяжу не перайшоў


Пакуль, арганізатары заўтрашняга Дня Волі заклікаюць не паддавацца на правакацыі ды захоўваць спакой у часе акцыі, дзеянні ўладаў усё больш нагадваюць гістэрыку. У цэнтры Менску з’явіліся патрулі з аўтаматамі, каля будынку Камітэту дзяржбяспекі пачалі разбіраць плітку, у Гомлі ў вакно падаткавай інспекцыі кінулі кактэйль Молатава.

Тым часам Лукашэнка заявіў, што асноўным полем бою сталі інфармацыйныя войны ў Інтэрнэце. І хоць пры гэтым кіраўнік краіны гаварыў пра гібрыдныя войны, але дабралося Інтэрнэт-супрацьстаянне і да поля ўнутрыпалітычнага. Шэраг акаўнтаў журналістаў, а таксама апазіцыйных і грамадскіх актывістаў былі гэтымі днямі ўзламаныя і выкарыстаныя дзеля дэзінфармацыі. У прыватнасці, з профіля аднаго з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколы Статкевіча зламыснікі распаўсюдзілі заяву ад імя палітыка пра тое, што заўтрашняя акцыя ў Менску адмяняецца.