Былы міністр працы: Пачынаць змаганне з беспрацоўем трэба было 25 гадоў таму


Рынак працы Беларусі – адна вялікая невядомая. У лічбах блытаюцца нават самыя кампетэнтныя дзяржаўныя ўстановы. Гэтак паводле Міністэрства працы і сацыяльнай дапамогі, узровень беспрацоўя меншы за 1 %. А вось фінансавае ведамства краіны з гэтымі лічбамі не пагаджаецца.

Тыдзень таму Міністэрства фінансаў удакладняла, што рэальнае беспрацоўе ў Беларусі, безумоўна, большае, чымся зарэгістраванае, і складае 5–6 %. Як падкрэслілі чыноўнікі ад фінансаў, сітуацыя на рынку працы пагаршаецца, і гэта патрабуе ад ураду і камерцыйнага сектару пэўных рашэнняў. І, фактычна, лічыць гэтыя звесткі абсалютнымі памылкова. Паводле экспертаў, варта рыхтавацца да далейшага росту беспрацоўя. У краіне нарастае няпоўная занятасць, спецыялісты канстатуюць залішнюю колькасць працаўнікоў на прадпрыемствах.

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў падкрэсліў, што Міністэрства працы лічыць беспрацоўнымі толькі тых, хто прыйшоў у службу занятасці і стаў на ўлік. Міністэрства эканомікі наконт беспрацоўя разважае, відаць, паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, адзначыў спадар Сасноў. Паводле яго, шмат хто з беспрацоўных не рэгіструецца, бо дапамога па беспрацоўі настолькі маленькая, што на яе нельга пражыць.

Вырашаць праблему беспрацоўя трэба было праз рэформы 25 гадоў таму, мяркуе былы міністр працы. «Але ўлады вырашылі пасядзець на карку ў Расеі, і вось тое, што цяпер адбываецца, – гэта вынік», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu