Асабісты капітал Будуеце кватэру? Будзьце гатовыя да сюрпрызаў


Надзея і Вадзім Высоцкія жывуць на арандаванай кватэры ды восьмы год чакаюць, пакуль здадуць скандальна вядомы дом на Валгаградскай ад забудоўніка «Валынь».

Кіраўніцтва кампаніі асудзілі за махлярства, а жыхары дагэтуль ходзяць у суды, спрабуючы вярнуць грошы праз жыллёвыя аблігацыі. Аблігацыі былі застрахаваныя, але «Белэксімгарант» заявіў, што махлярства – не страхавы выпадак.

Пастанову выплаціць кампенсацыю прыняў Аляксандр Лукашэнка. Але грошы, сплачаныя ў 2009-м, абясцэніла дэвальвацыя. Высоцкія дамагаліся, каб выплаты лічылі не паводле коштаў 8-гадовае даўніны, а паводле наміналу аблігацыяў. Цяпер за дом узялося Упраўленне капітальнага будаўніцтва, а таму сваю кватэру Высоцкім трэба купляць у яго другі раз. З улікам усіх стратаў адзін квадратны метр ім абышоўся ў $ 1120.

Што не так з аблігацыямі?

Пра жыллёвыя аблігацыі, у адрозненне ад долевага будаўніцтва, у заканадаўстве дакладна не прапісаныя ўсе нюансы заключэння і скасавання дамоваў. Таму і забудоўнікі, і суды могуць тлумачыць іх гэтак, як лічаць патрэбным.

Справы пацярпелых ад «Валыні» разглядалі розныя суды, і памер кампенсацыяў людзям налічылі розны. У прэзідэнцкай пастанове пра «Валынь» адзначана: «кампенсаваць у памеры фактычна панесеных выдаткаў, але не больш за намінальны кошт аблігацыяў». Адсюль і гэткі розны падыход да падлікаў.

Чаму адмаўляе суд?

Зміцер Котаў спатыкнуўся на жыллёвых аблігацыях, калі намерыўся спагнаць з забудоўніка няўстойку за парушэнне тэрмінаў здачы кватэры на год. Калі ён купляў кватэру, не надаў увагі таму, што дамова называецца інвестыцыйнаю, і пра адказнасць забудоўніка ў ёй нічога не сказана.

Тады ён паспрабаваў дзейнічаць паводле закону і спагнаць адсоткі за карыстанне сваймі грашыма з забудоўніка ў якасці спажыўца. Суд яму адмовіў – маўляў, справа зусім не спажывецкая, а дамова мае нормы долевага будаўніцтва. Мужчына пайшоў у суд другі раз, лагічна спасылаючыся ўжо на правы дольнікаў. Аднак яму зноў адмовілі. Ён пачувае сабе падманутым.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзі таксама
Каментары