Блогеры Пятрухін і Кабанаў: Штрафы нас не спыняць


Улады працягваюць спробы паўплываць на сацсеткі, асаблівы непакой у іх выклікаюць так званыя «стрымы», наўпроставыя трансляцыі на акаўнты. За такую трансляцыю ў Youtube і Facebook дзвюх аўтараў прыраўнялі да сродкаў масавай інфармацыі. Блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну далі па 980 рублёў штрафу за трансляцыю каля акумулятарнага заводу. Справу вялі паводле сумнавядомага артыкулу 22.9 – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Абсурднасць такога падыходу блогеры спрабавалі аспрэчыць, але беспаспяхова.

Што адбывалася ў судзе, распавядаюць Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін.

«Гэта прэцэдэнт. Такога рашэння яшчэ ніколі не было. Гэта, вядома, быў загад нас аштрафаваць. Пра наступствы суддзя наўрад ці думала», – кажа блогер Аляксандр Кабанаў.

«Улады напружыліся праз тое, што рух блогераў у Беларусі набірае ўсё больш папулярнасці. Усё больш людзей заходзяць у інтэрнэт і глядзяць альтэрнатыўную кропку бачання. І афіцыйнае тэлебачанне на іх ужо не дзейнічае, бо там не тая карцінка, што яны бачаць. І ўлада дзейнічае па-старому: пачынае ціск, не ўнікаючы ў праблемы, якія сама стварае і пачынае абараняцца: штрафаваць, саджаць», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Сяргей Пятрухін дадае, што штрафы іх не спыняць.

«Мы паказваем тое, што ёсць, гэтага людзі патрабуюць. Блогеры самыя мабільныя і асвятляюць праблемы людзей».

Больш глядзіце ў відэа.