Бізнесовец рыхтуецца адкрыць музей мініяцюраў беларускіх будынкаў


Уся краіна – за дзве хвіліны: менскі бізнесовец Яўген Данілік стварае першы ў Беларусі музей мініяцюраў пад назваю «Краіна міні».

Спачатку ў музеі будзе 18 макетаў славутасцяў з розных куткоў Беларусі: тут і Каложская царква, і палац Румянцавых-Паскевічаў, і Косаўскі замак, і Нацыянальная бібліятэка.

Агулам жа дырэктар музею плануе стварыць 70 макетаў, і абʼекты для іх будуць выбіраць самі беларусы: у музеі ці ў сацсетках арганізуюць галасаванне. Фармат музею – не навінка, гарады і цэлыя краіны-макеты ёсць у Гамбургу, Бруселі, Санкт-Пецярбурзе. У сваім музеі Яўген робіць стаўку на рэалістычнасць і дэталізацыю.

Сярэдні памер макета – метр на метр, але будуць і большыя, напрыклад, Белавежская пушча, у якой зробяць сядзібу Віскулі, дзе ў 1991 годзе падпісалі дакументы аб распадзе СССР.

«Вельмі важна і добра было б дадаць у гэты музей тыя помнікі, якія Беларусь згубіла за апошнія стагоддзі, а гэтых помнікаў катастрафічная колькасць, бо знікалі цэлыя гарады: напрыклад, найпрыгажэйшы горад Берасце – што засталося, апроч гэтай цытадэлі?» – заўважыў мастак, пісьменнік і архітэктар Артур Клінаў.

У Яўгена ўжо гатовы макет Крэўскага замку – ён паказвае побыт XV-га стагоддзя.

«Ёсць вялікае жаданне, каб беларусы памяталі сваю гісторыю, і праз архітэктуру гэта якраз самы правільны крок, чаму мы Крэўскі замак і аднаўлялі», – адзначыў дырэктар музею «Краіна міні» Яўген Данілік.

Музей размесціцца ў самым цэнтры сталіцы – на месцы былога клубу «Алькатрас» у Палацы прафсаюзаў, адкрыць яго плануюць бліжэй да канца года.

Наста Храловіч, Марына Вашкевіч, «Белсат»