Бізнесмены лепш праматаюць грошы ў рэстаране, чым дапамогуць хворым


Фота на застаўцы pxhere.com

Супрацоўнікі кампаніі «Студыя Баравога» бясплатна распрацоўваюць партал «Мама-Тата-Я». Гэта праект маладой сям’і Шаўко, якім інваліднасць не перашкодзіла нарадзіць дзіця, і цяпер яны хочуць дзяліцца вопытам з іншымі. На сайце будуць распавядаць пра планаванне сям’і ды нараджэнне дзяцей асобамі з інваліднасцю.

Дырэктар кампаніі Віталь Дзенісенкаў адзначае, што нават калі беларуская фірма дасягае стабільнасці, бізнесоўцам бывае цяжка спыніць стратэгію эканоміі, перастаць змагацца за грошы і зразумець, што іншым можна проста дапамагаць.

«Вось гэтыя грошы, якія ў Менску здаюцца неістотнымі, то бок некаторыя бізнесмены могуць за ноч у рэстаране ці казіно выдаткаваць большую суму – гэта можа рэальна мяняць жыццё людзей», – кажа Віталь Дзенісенкаў.

Якая дапамога найбольш патрэбная

Беларускі дзіцячы госпіс – гэта цалкам дабрачынны праект, які стаў рэальным за кошт ахвяраванняў простых людзей ды фірмаў рознае велічыні. Усё, што ёсць унутры будынку, набылі мецэнаты – ад мэблі да найноўшых медычных апаратаў.

Дырэктарка госпісу Ганна Рычкова ўдзячна за любую дапамогу, але раіць бізнесу падумаць пра тое, каб дабрачыннасць была сапраўды карыснаю і патрэбнаю. Яна раіць падтрымліваць доўгатэрміновыя праграмы, напрыклад, адпачынку для дзяцей, чым аднойчы падарыць цацкі ці прысмакі.

Глядзіце ў сюжэце, якія ільготы існуюць у беларускім заканадаўстве для кампаніяў, што накіроўваюць прыбытак на дабрачыннасць, і чаму пра свае добрыя справы трэба распавядаць.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: